Автор работы: Пользователь скрыл имя, 05 Декабря 2017 в 21:28, курсовая работа
Мэта работы: прааналізаваць праблематыку і паэтыку твораў Андрэя Федарэнкі.
Зыходзячы з пастаўленай мэты вырашаюцца наступныя задачы:
1) разгледзець праблематыку філасофскай і псіхалагічнай прозы Андрэя Федарэнкі (раман “Рэвізія”, аповесць “Вёска”, апавяданні);
2) даследаваць своеасаблівасць прыгодніцкіх твораў Андрэя Федарэнкі для дзяцей (“Шчарбаты талер”, “Афганская шкатулка”);
3) вызначыць асаблівасці паэтыкі Андрэя Федарэнкі: адметнасці творчага метаду, галоўныя катэгорыі мастацкага свету.
Аб’ект даследавання: проза Андрэя Федарэнкі.
Прадмет даследавання: праблематыка і паэтыка твораў Андрэя Федарэнкі.
Уводзіны.................................................................................................................3
Глава 1. Філасофская і псіхалагічная проза Андрэя Федарэнкі........................5
1.1 Раман “Рэвізія”.......................................................................................5
1.2 Аповесць “Вёска” ................................................................................11
1.3 Апавяданні Андрэя Федарэнкі............................................................21
Глава 2. Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі… 27
2.1 Аповесць “Шчарбаты талер”...............................................................27
2.2 Аповесць “Афганская шкатулка”........................................................30
Глава 3. Мастацкая індывідуальнасць Андрэя Федарэнкі................................41
Заключэнне............................................................................................................52
Спіс выкарыстаных крыніц..................................................................................54
Сімвалічны сэнс набывае ў аповесці гэты эпізод – агляд дзецьмі помніка, вывучэнне раздзелаў кнігі “Памяць”, прачытанне верша, апошнія словы якога “білі, здавалася, проста ў сэрца”, і наведванне жывога “афганца”. Як сімвалічная і выява валошкі на помніку.
Юныя героі пакуль што ўспрынялі ўсё ўбачанае, пачутае і прачытанае толькі сэрцам. Дзіцячаму розуму спасцігнуць усё гэта проста немагчыма. Дый як яны могуць адказаць на тыя пытанні, на якія яшчэ ніхто з дарослых не даў адназначнага адказу. Дзеці вераць кнізе, і ў ёй, такой “таўсценнай і цяжкай”, хацелі б знайсці адказ на свае пытанні. Але ў ёй (сапраўды “цяжкай”) “дубовымі словамі” напісана пра рашэнне ўводу савецкіх войскаў на тэрыторыю Афганістана і пра тое, што “гісторыя дасць канчатковую ацэнку афганскай вайне, але...” [22, с. 104].
Юныя героі з дапамогай аўтара зрабілі адкрыццё, якое даражэй за скарб афганскай шкатулкі і наогул за ўсе зямныя скарбы. Без гэтага адкрыцця марныя ўсе зямныя скарбы. Крушынскі “аж сумеўся”, пачуўшы ад дзяцей версіі яго з’яўлення тут, у гэтых мясцінах, а потым прамовіў: “Значыць, і на нашым пакаленні гэтая мілітарысцкая брыдота не закончылася... Значыць, і вам – з такіх гадоў! – засмечваюць бедныя галовы тым жа самым... Скажыце мне, калі ласка, – ускінуўся ён раптам, – навошта нам, маладой, мірнай краіне Беларусь, могуць спатрэбіцца ракетныя шахты?! Ваенныя сакрэтныя базы?! 3 кім мы збіраемся ваяваць? Каму пагражаем кулакамі?! I калі гэта ўсё скончыцца?!” [22, с. 94–95]. Вось пытанні, ад вырашэння якіх залежыць будучыня і жыццё як дарослых, так і дзяцей – усіх нас.
“Здзіўленыя гэтым нечаканым яго маналогам, дзеці маўчалі. Ды яны і не ведалі, што казаць. Проста яны не разумелі дарослага Крушынскага” [22, с. 95].
“Не ведалі”, “не разумелі” – пакуль што так. Аднак красамоўней за ўсялякія словы ў такой сітуацыі – маўчанне: “дзеці маўчалі”. Часам маўчанне скажа больш, чым словы, допыты, спрэчкі. Да ўсяго дзеці валодаюць рэдкім дарам – тактоўнасцю, далікатнасцю, унутранай, а не знешняй і паказной, як у Светы, культурай. Яны разумеюць ужо, што ёсць сітуацыі, калі ўсялякія словы выключаны ўвогуле. Іх маўчанне ў спалучэнні са здзіўленнем – важкая падстава, каб спадзявацца, што з цягам часу дзеці абавязкова ўсё зразумеюць. Калі Цім здольны “з двух пустых эпізодаў зрабіць такія высновы”, то супаставіць словы Крушынскага са словамі Колькі Таксіста, з усім убачаным і зрабіць адпаведныя высновы тым больш здолее.
“Калі “Шчарбаты талер” – гімн роднай мове, то “Афганскую шкатулку” можна з поўным правам назваць гімнам сяброўству. Заслуга пісьменніка ў тым, што ўласным разуменнем сяброўства як найдаражэйшага скарбу ён надзяліў сваіх юных герояў” [7, с. 55]. Яны тут і цяпер разумеюць, што валодаюць гэтым скарбам, і ашчадна берагуць яго: “Аднак жа вялікая гэта рэч – сяброўства!” [22, с. 27]. Сяброўства ў “Афганскай шкатулцы” – сапраўдны цуд. Ён пасланы нашым героям і як узнагарода, і як выпрабаванне адначасова.
Пройгрыш каманды па віне Ціма – сур’ёзнае выпрабаванне сяброўства ў падлеткавым узросце. Яшчэ цяжэй успрымаюцца абразлівыя паводзіны лепшага сябра пасля так недарэчна, як усім здаецца, прапушчанага гола: “Злосць на сябра раптам ахапіла яго [Валіка] <...> “Дзірка!” – гучна, пагардліва сказаў ён. – “3 каманды “Рэшата!” – ахвотна падтрымаў яго хтосьці з сяльчан, які праязджаў побач” [22, с. 16].
У падлеткавым узросце часам падобнай “драбязы” і рэакцыі на яе дастаткова, каб не толькі пасварыцца надоўга, але і разысціся ворагамі назаўсёды. Так якраз і бывае, калі за гэтай прыкрасцю і непаразуменнем не здарыцца цуд. Пісьменнік пераканальна і псіхалагічна тонка паказаў, які цуд можа ўратаваць і нават умацаваць сяброўства. Невыпадкова менавіта ў гэты выратавальны для сяброўства момант аўтар параўнаў сваіх юных герояў з Дон Кіхотам і Санчам Пансам: “На гэтых ценях, ды яшчэ са сваімі клункамі за плячыма, хлопцы падобныя былі на... Дон Кіхота з Санчам Пансам” [22, с. 17]. А далей пісьменнік дае чытачу ўрок выратавання дружбы – зберажэння скарбу:
“– Пакрыўдзіўся? – вінавата спытаў Валік.
Маўчанне. Канечне, пакрыўдзіўся. Валіку тым больш прыкра было, што яго, калі ён не забіў гол, сябар суцяшаў, падбадзёрваў... А ён? І навошта вырвалася тое дурное слова? Які б ні быў важны гэты паядынак, гэта ж усяго толькі гульня, забаўка, і не такія ўжо праблемы сусветнага маштабу вырашаліся яго вынікам, каб накідвацца на чалавека. Ды яшчэ на такога, як Цім” [22, с. 17].
Далейшыя дыялогі – сведчанне пісьменніцкіх “урокаў”, як зберагчы скарб, як выпрабоўваюцца людзі цудам – сяброўствам. I гэта толькі пачатак. Аднак калі ён ёсць – здарыцца цуд. I гэта будзе ўжо цуд-узнагарода за працу душы, за перамогу над сабой, за ўсведамленне ўласных памылак, віны, за пакаянне і раскаянне: “Хай не адразу, а недзе на палавіне ўрока Валіку самым неверагодным чынам перадаліся сябравы думкі. Бы нейкія электрамагнітныя хвалі дайшлі ад першай парты да апошняй. Ён успомніў, як учора не забіў гол, а Цім суцяшаў яго – адзіны з усёй каманды. Прыгадалася, як у тым годзе ён хварэў, а Цім кожны дзень прыходзіў да яго ў адведкі... І яшчэ многа рознага дабра ўспомнілася, якое сябар яму рабіў. Ніколі ні на што не крыўдзячыся. Усё даруючы. А ён, Валік? Разныўся тут – “засмяюць”, “па міліцыях зацягаюць”... Мужчына называецца. Будучы салдат, абаронца Беларусі, які баіцца ўвязвацца ў гісторыю; а гісторыя ж і сапраўды цікавая!” [22, с. 27].
Стварыўшы гімн сяброўству, пісьменнік падзяліўся духоўным вопытам і мудрасцю, давёў, што сапраўднае сяброўства можа быць паміж людзьмі розных узростаў, нацыянальнасцей. Ды што казаць пра ўсіх, калі нават Валік з Цімам “дужа... розныя. Адзін любіць простае, будзённае, другі – толькі штосьці незвычайнае. Цім – гэта неба, а Валік – зямля” [22, с. 15]. Адзін высокі (“бамбіза Валік”), другі нізкі; адзін выдатнік, другі “з тройкі на чацвёрку... пералазіць”; адзін сядзіць за апошняй партай, другі – за першай; адзін рэаліст, другі фантазёр; адзін варатар, другі галкіпер. Такі вось цуд у кнізе Андрэя Федарэнкі.
Перад героямі “Шчарбатага талера” стаяла галоўная праблема: як адшукаць скарб? Выключна ўсе шукальнікі скарбу апантаныя жаданнем яго знайсці. I да апошняга моманту ніхто з іх не ведаў, што скарб, схаваны французскім афіцэрам, даўно знойдзены. Адны шукальнікі ўзнагароджаны цудам: знайшлі іншы скарб, даражэйшы за той, што шукалі. Другія – за хцівасць і прагнасць пакараны.
У “Афганскай шкатулцы” для большасці герояў праблема пошуку скарбу не існуе ўвогуле (толькі аферысты – зяць з цесцем – яго шукаюць). Галоўны герой, які мае непасрэднае дачыненне да скарбу, – Крушынскі, скарб увогуле не шукае, бо даўно і добра ведае, дзе ён. Крушынскі, наадварот, пераключае ўвагу дзяцей на “пошукі” даўно знойдзенага скарбу, каб вырашаць свае праблемы. Хай шукаюць скарб, тады не разгадаюць яго тайну, да якой юныя “сышчыкі” падышлі ўпрытык. Калі аферыстаў і вандалаў арыштавалі, калі высветлілася, што ніякага скарбу ніхто не знайшоў, “Цім і сам быў сярдзіты на Крушынскага. Навошта ён хлусіў ім пра спецслужбы, пра афганскую шкатулку, пра Васіля?.. Калі ўжо так карцела яму, дык мог бы і менш праўдападобную гісторыю выдумаць... I зусім не абяцанага матацыкла, якога ён цяпер, вядома, ніколі не атрымае, шкадаваў Цім. Не настолькі ён быў наіўны, каб спадзявацца на такі дарагі падарунак. Проста каму прыемна, калі цябе падманваюць, ды яшчэ так сур’ёзна, так грунтоўна?..” [22, с. 155].
Зрэшты, “сышчык” Цім амаль у самым пачатку скеміў: “Калі ён сапраўды спецагент, дык такое адчуванне, што галава яго [Крушынскага] забіта невядома чым, толькі не каштоўнасцямі” [22, с. 117].
У “Афганскай шкатулцы” галоўная філасофская праблема – праблема выкарыстання скарбаў. Як распарадзіцца скарбамі, у тым ліку і матэрыяльнымі, якімі чалавек ужо валодае ці завалодаў у выніку пэўных намаганняў, ці якія пасылаюцца яму як цуд, выпадковасць? Стаўленне Андрэя Федарэнкі да скарбаў зямных тоеснае стаўленню Яна Баршчэўскага – яно неадназначнае. 3 аднаго боку, яны, скарбы, – тлен, марнасць марнасцяў. Ім супрацьпастаўлены іншыя каштоўнасці – здароўе, сумленная праца, спакой душы, каханне, сям’я. Згадаем: “Добрая жонка – найдаражэйшы скарб, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і благаслаўленне Божае”. 3 другога боку, багацце, дабрабыт, заможнасць, здабытыя сумленнай працай, – адзін з элементаў шчасця. “Багаты чалавек можа шмат добрага зрабіць. Чалавек стане годным уладаром зямных скарбаў, калі навучыцца пазнаваць і любіць дабро”. Ян Баршчэўскі нецярпімы да тых, хто гоніцца за багаццем “не дзеля таго, каб рабіць дабро бліжнім, а каб нічога не рабіць, або – што яшчэ горш – каб шкодзіць. Але што ж далей?” На ўсё жыццё шляхціц Завальня засвоіў урок бацькі: “добры лёс і ўладу над зямнымі скарбамі” – дзеля бліжніх сваіх.
3 гэтай праблемай звязана найбол
Вобраз Барыса Крушынскага цікавы і неадназначны. 3 самага пачатку хочацца даведацца: хто такі той дзікі, маўклівы, таямнічы барадач, які жыве наводшыбе ў лесе і ні з кім не мае ўзаемінаў. І ўвогуле, як суаднесці расповед пра афганца ў пралогу твора з далейшымі падзеямі? Пасля мы даведваемся, што Крушынскі зусім не злодзей, ад іншых адрозніваецца хіба толькі страшнай барадой. У яго ёсць мінулае, што не дае супакою і прымушае пакутаваць, – тайна афганскай вайны. Скарбы загінулага хлопца не прынеслі радасці, наадварот, увесь час рабілі Крушынскага няшчасным. Урэшце ён зразумеў, што жыццё дзеля сябе – пустое і бессэнсоўнае, таму і асудзіў сябе на адзіноту. “Гэтым Барыс Крушынскі і падобны да героя ў экзістэнцыяльных творах: ён спачатку рабіў інстынктыўныя ўчынкі, а потым, перажыўшы трансцэндэнцыю, зразумеў, што папярэднія гады патрачаныя дарма” [19, с. 54–55].
Ён зазнаў апраметнага ліха на той “нянашай” вайне, цудам уратаваўся, але і пасля вайны няўдачы і няшчасці (пасля кароткага перыяду шанцавання) пасыпаліся адно за адным. Усё напрацаванае “пры першым жа няшчасці счэзла дазвання”. Пакручасты лёс у чалавека, загадкавы. Нават следчы сказаў хлопчыкам: “Ваш Крушынскі, канечне, герой, ардэнамі-медалямі ўзнагароджаны, і ўсё такое. Аднак блізка з ім сыходзіцца я вам бы не раіў. Дужа ж ужо нейкая бурная біяграфія ў чалавека” [22, с. 153].
“Проста містыка нейкая” [22, с. 157], – так сам Крушынскі вызначыў усё тое, што звалілася на яго пасля авалодання скарбамі афганскай шкатулкі. Наш мудры народ здаўна навучыўся разумець знакі-вешчуны, якія пасылаюцца чалавеку маці-зямлёй, прыродай, космасам. Ніхто не ведае, кім гэтыя знакі пасылаюцца, але распазнаваць іх навучыліся. Здаўна наш народ ведаў, што любая знаходка, а тым больш каштоўная – нядобры знак, магчыма нават – знак бяды. Немінуча надарыцца так, што страціш намнога больш, чым знайшоў. Нездарма ў народзе кажуць: знайшоў – не радуйся, згубіў – не плач. У лепшым выпадку “шчасліўца”, які нешта знайшоў, чакаюць прыгоды.
Тое ж самае даводзіць і Крушынскі: “Гэта праклятыя каштоўнасці, Віка! Я не магу імі распараджацца, не магу траціць іх на сябе <...> усё ператваралася толькі ў шкоду мне” [22, с. 157].
Пісьменнік выкарыстоўвае казачны матыў: не чалавек уладальнік скарбу, а скарб завалодвае чалавекам. Скарб, як нейкая жывая істота, мае здольнасць не аддавацца, не слухацца чалавека, помсціць яму ці, наадварот, слухацца і нават пасылаць “сігналы”, “званочкі” ўхвалення, падтрымкі: “Нібы нейкі сігнал паступае, нейкі званочак звініць: “Усё правільна, ты, Крушынскі, робіш тое, што трэба!” Гэтаксама было, калі я штомесяц пасылаў грашовыя пераводы бацькам “афганца”; звінеў той жа “правільны” званочак, усё йшло ў мяне добра, і душа была больш-менш спакойная!” [22, с. 158].
Крушынскі зрабіў для сябе адкрыццё, якое сапраўды дазволіць яму пачаць усё “з чыстага ліста”: “закляцце з гэтых каштоўнасцей здымаецца менавіта так: не на сябе трэба іх траціць, а на іншых... на тых, каму гэтыя каштоўнасці неабходныя, хто мае ў іх сапраўдную патрэбу” [22, с. 158].
Самае цяжкае і складанае для любога чалавека – зрабіць выбар. Кожны з нас пастаянна паўстае перад выбарам, ад якога цалкам залежыць “далейшы шлях”: шырокі і прасторны, што вядзе да пагібелі душы і вынішчэння лепшага ў ёй, ці вузкі і цесны, што вядзе да жыцця і перамогі лепшага ў чалавеку. Выбар ёсць заўсёды. Як у прытчы пра таланты: памножыць ці закапаць дадзеныя гаспадаром манеты. Калі ж выявіцца, што выбар зроблены няправільна, на пагібель уласнай душы, то заўсёды знойдзецца апраўданне. “Я пабаяўся цябе, бо ведаю, што ты жорсткі... таму і закапаў талант, каб не згубіць”. Выбар зрабіць вельмі цяжка. Аднак чалавеку зноў пасылаецца Цуд – як дапамога, як падказка, як падтрымка. Барыс Крушынскі кажа Віцы: “Помніш, некалі я казаў, што цябе, можа, сам Бог прыслаў – як збавенне мне, як падказку выбару далейшага шляху? Дык вось: калі я пачаў, прабач, траціць сёе-тое на цябе... Вось тут грошы слухаюцца! Вось тут усё ідзе нармальна” [22, с. 157–158].
Цуд пасылае Крушынскаму яшчэ адну “знаходку” – Віку, няшчаснае, беспрытульнае дзіця, “прыблудную дзяўчынку”. Гэта цяпер Крушынскі ўсведамляе такую “знаходку” як “збавенне, як падказку выбару”. Спачатку гэта наўрад ці гэта было збавеннем, бо да праблем Крушынскага дадаваліся новыя. Ён тады ўжо стаяў перад выбарам: ратаваць чалавека і быць гатовым да ўсяго таго, што чакае яго пасля (ды яшчэ ў яго, Крушынскага, сітуацыі), ці думаць пра сябе, ратавацца самому.
Віцы патрэбныя ўсяго толькі нармальныя, чалавечыя ўмовы жыцця. “Тэма няшчаснага дзяцінства займае ў аповесці “Афганская шкатулка” далёка не апошняе месца. Беднасць, невялікі пакойчык у камунальнай кватэры, ненавісны айчым-п’яніца і, нарэшце, жыццё на вуліцы – такі незайздросны лёс дзяўчынкі Вікі, на прыкладзе якога А. Федарэнка дакладна адлюстраваў жахлівы стан нашага грамадства, вылучыў праблему сацыяльнага сіроцтва як тыповай з’явы сучаснага жыцця. Таму неверагодным здаецца нечаканае выратаванне Вікі Барысам Крушынскім і зусім незвычайным, казачным тое, што ён матэрыяльна забяспечвае яе фактычна на ўсё жыццё” [19, с. 54].
Цуд, як і чалавек, “расце”, змяняецца: цуд-выпрабаванне – цуд-падказка – цуд-дапамога – цуд-збавенне – цуд-узнагарода. У пераліку гэтых этапаў “росту” і “сталення” цуду не хапае яшчэ аднаго: гэта – цуд-прадвесце. І гэты цуд таксама быў. “Больш таго – цяпер было ў ім адчуванне, што менавіта сёння павінна з ім здарыцца нешта важнае, радаснае. Нейкая ўдача чакае яго наперадзе” [22, с. 30]. “Удача” ж вынікла такімі праблемамі, што не пазайздросціш. Але: “Усё будзе добра! Павінна быць добра. Цяпер трэба толькі, каб яму крышку пашэнціла...” [22, с. 43]. Трыма абзацамі ніжэй чытаем: “Але яму і праўда сёння шэнціла” [22, с. 43].
Информация о работе Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі