Автор работы: Пользователь скрыл имя, 05 Декабря 2017 в 21:28, курсовая работа
Мэта работы: прааналізаваць праблематыку і паэтыку твораў Андрэя Федарэнкі.
Зыходзячы з пастаўленай мэты вырашаюцца наступныя задачы:
1) разгледзець праблематыку філасофскай і псіхалагічнай прозы Андрэя Федарэнкі (раман “Рэвізія”, аповесць “Вёска”, апавяданні);
2) даследаваць своеасаблівасць прыгодніцкіх твораў Андрэя Федарэнкі для дзяцей (“Шчарбаты талер”, “Афганская шкатулка”);
3) вызначыць асаблівасці паэтыкі Андрэя Федарэнкі: адметнасці творчага метаду, галоўныя катэгорыі мастацкага свету.
Аб’ект даследавання: проза Андрэя Федарэнкі.
Прадмет даследавання: праблематыка і паэтыка твораў Андрэя Федарэнкі.
Уводзіны.................................................................................................................3
Глава 1. Філасофская і псіхалагічная проза Андрэя Федарэнкі........................5
1.1 Раман “Рэвізія”.......................................................................................5
1.2 Аповесць “Вёска” ................................................................................11
1.3 Апавяданні Андрэя Федарэнкі............................................................21
Глава 2. Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі… 27
2.1 Аповесць “Шчарбаты талер”...............................................................27
2.2 Аповесць “Афганская шкатулка”........................................................30
Глава 3. Мастацкая індывідуальнасць Андрэя Федарэнкі................................41
Заключэнне............................................................................................................52
Спіс выкарыстаных крыніц..................................................................................54
На падрыхтоўчых курсах у Мінску, калі пайшла чутка пра Чарнобыль, Антон палез у карту (чаго ўсе забегалі, гэта ж недзе пад Кіевам) і абамлеў. На карце даволі вялікага маштабу адлегласць ад Чарнобыля да Мазыра была меншая за два запалкавыя пачкі: “3 гарачкі схапіўся пісаць дамоў ліст, каб маці кідала ўсё і... А што “і”? Кідаць – і дзе дзецца?..” [24, с. 44]
Топас “адметнага рэгіёна” зноў звужаецца, ужо да чатырох “кропак”: Сасноўка (малая радзіма Васкевіча), Двароўка, Бакоўка і Стаў – чытачы чатырох вёсак дасталіся выгнанніку, якому нечакана-нягадана пашанцавала атрымаць працу бібліятэкара.
Заканчваецца аповесць апісаннем той жа дарогі, як і пачыналася. Той жа вар’ят Пульс з маткай Васкевіча праводзіць яго да станцыі на мінскі цягнік: хлопца ўзнавілі ў інстытуце.
Развітваючыся, Антон “прыціснуў да шчакі матчыну галаву... парукаўся з Пульсам, а потым бокам-бокам, з сумкаю патэпаў у вагон” [24, с. 111]. Ні дурнога рогату Пульса, ні рэакцыі правадніцы, стомленай старой жанчыны, на яго дзікунскую прапанову Васкевіч “ужо не чуў і не бачыў, у паўцёмным вагоне ён шукаў сваё месца” [24, с. 112].
У кантэксце аповесці з дакладна акрэсленым хранатопам фінал адкрыты і знакавы: пачыналіся “ліхія дзевяностыя” – шукаць у іх змроку “сваё месца” давядзецца ўсім.
Аповесць цяжка паддаецца пераказу. Змест яе складае хроніка жыцця студэнта-выгнанніка ў родных мясцінах на працягу дзесяці месяцаў. Па словах самога героя, “умудрыўся жыць так бяздумна – і нават не заўважаць гэтага” [24, с. 24].
Аповесць – пра “подых навальніцы”, пярэдадзень такіх падзей, якія перакрояць карту свету.
Антону Васкевічу сапраўды дадзена заўважаць тое, чаго іншыя не заўважаюць. У кантэксце аповесці сімвалічнымі падаюцца пейзажныя замалёўкі: “стаяў прыцемак, але той прыцемак, калі здаецца, што ўсё вакол бачыш лепш, чым светлым днём...” [24, с. 31].
У такім “прыцемку” Васкевічу аднаму дадзена бачыць “лепш, чым светлым днём”: “былі вакол змены з усімі... Толькі ў яго нічога не змянялася. А галоўнае, яму ўжо і не хацелася нечага змяняць, чакаць нечага” [24, с. 51].
Было адно жаданне – “растварыцца ў прыродзе”. Лучнасць героя з прыродай такая моцная, што ёю і лекуецца збалелая душа. Неба быццам пасылае яму знак: “I ніколі раней не бачаны малюнак адкрыўся раптам перад Васкевічам. На захадзе... падняўся з-за хат светлы-светлы на шэрым небе сферычны паўкруг. Нейкі час ён не памяншаўся і не павялічваўся. <...> Але вось з двух бакоў быццам два пражэктары ўлупілі разам у гэты паўкруг, скрыжаваліся ў цэнтры яго, разарвалі; знізу з’явілася і заззяла фіялетавая паласа, вышэй – бэзавая, яшчэ вышэй – зялёная... Паўкруг пачаў распаўзацца, палосы пераліваліся адна ў адну, дрыжэлі, плавіліся, ігралі колерамі, як мазут на вадзе, – і ўсё шырыліся, большалі, раслі ўвышыню і паўзлі сюды, да хаты Васкевіча, з двух бакоў агінаючы вёску, быццам нехта хацеў нацягнуць над ёю на ноч дзівоснай прыгажосці купал...” [24, с. 53].
Апісанне загадкавага малюнка дысануе з апісаннем Пульсавай хаты і згадкамі пра трагічны лёс яго сям’і, быццам запраграмаванай некім на звод.
Людзі ж, занятыя ўласнымі клопатамі і праблемамі, не бачылі знакаў неба, як не разумелі і таго, што рабілася на зямлі. Саюза ўжо фактычна не існавала. Яго “развалы” маскіраваліся бутафорскім рэферэндумам, а “народ молчал”, як і ў часы, апісаныя Пушкіным.
Наверсе пачалася зацятая барацьба за ўладу – смута. У Маскве – жнівеньскі путч, “цэлая буча”, як казала маці Антона.
Рамановіч патлумачыць сваё маўчанне на пісьмо Васкевіча тым, што “не да адказу было. Там [у Мінску] такое закруцілася, я сам ледзь ліпеў, вісеў на валасінцы” [24, с. 64].
Пасля “гэтага рэферэндуму” Васкевіч “перастаў адчуваць сваё адзіноцтва, <...> бо нарэшце ўпісаўся ў той побыт, з якога выйшаў, змог стаць такім, як і ўсе вакол, <...> перастаў супраціўляцца жыццю, бязвольна паплыў па ім...” [24, с. 68].
А вакол – змрок... Аб небяспечнасці фіксацыі яго папярэджвае пісьменнік I. Запрудскі: страта чытача.
Бывала, па цэлых тыднях у бібліятэку (на яе паліцах Алесь Рамановіч знайшоў нават Борхеса!) не заглядала ніводная душа. А у клубе па пятніцах гуляла “маладзёж”. І на тым гулянні адусюль чуваць п’яную балбатню, ад якой Васкевічу “стала сорамна, і ад гэтага чамусьці захацелася паказаць сябе больш п’яным, чым ён быў” [24, с. 72].
Прысуд самому сабе – бязлітасны: “Дакаціўся да ручкі – у прамым і пераносным сэнсе” [24, с. 73]. Ручка – яшчэ адзін каларытны персанаж. Прывязаўся да Васкевіча, “як кот прыблудны”: пілі разам “кажнюткі вечар”.
Невынішчальнымі, аднак, былі цяга да ачышчэння (“галодным праседзеў у бібліятэцы да вечара: прыбраў, памыў падлогу, зрабіў вопіс новых кніг...”) і “пачуццё саромнасці. За сябе, за Наташу, за сваю і Наташыну маці...” [24, с. 75].
А маці, “штораз зыркаючы на сына спадылба”, учыняла яму “допыты”, ціснула каскадам пытанняў: “Нашто, от ты мне скажы, ты курыш? Нашто ты стаў піць так бязбожна? <...> Нашто ты зводзіш тую дзевачку? <...> Гэта ж дзярэўня, як у той песні – “ад людзей на дзярэўні не спратацца”... Ты знаеш, з якой яна сям’і? Яны ж п’юць усе ўпокат! I бацька той, і матка, і сын, і тая большая дзеўка – там жа не хата, а карчма, як Юлен кажа. Сынок! Ты знаеш, што яе сястра ў яе годы радзіла двойню? I так жыве без чалавека. Куды ты лезеш?” [24, с. 79].
Сюжэт аповесці “Вёска” парадаксальны: ён дынамічны пры сваёй знешняй запаволенасці і “мазаічнасці”, што ўжо адзначалася.
Сюжэт спружыніць інтрыга, прычым завязаная на псіхалогіі і эмоцыях. Сутнасць інтрыгі – адвечнае “за што?”. За што выдатніка Васкевіча (“Не брашы, сынок, ты два гады вучыўся на круглыя пяць”) перад самай зімовай сесіяй “выгналі з інстытута”?
На допыты Пульса, як у Мінску “п’янставаў”, Васкевіч, смеючыся, адказаў: “Запомні, я пастрадаў не за п’янства, а за “ідзею”!” [24, с. 20].
Матулі адказаць смехам не атрымлівалася: “Дапіўся? Ай-яй...”. Спрабаваў схітрыць, маўляў, “заваліў экзамены і ўзяў... на год ці на паўгода акадэмічны водпуск” [24, с. 22].
Матчыны “непасільныя пытанні” ціснуць ужо і на чытача. Любога чытача: жыве ён у горадзе ці ў вёсцы; адвучыўся ён у свой час у інстытуце ці яшчэ, як Антон, вучыцца; таго, хто марыць пра паступленне, – таксама. Равеснікаў маці Антона – асабліва: іх дзецям праз тое праходзіць. Сітуацыя міжволі праецыруецца чытачом на ўласныя праблемы.
А сапраўды, чаму Васкевіча “выгналі з інстытута”?
Ён сам тлумачыць маці так: “Мяне выгналі за тое, што я гаварыў так, як вы. Як у вёсцы гавораць. Па-беларуску” [24, с. 24].
Маці не можа ў гэта паверыць: “Не брашы. За гэтае нікога не выганяюць!” [24, с. 24]
Аднак гэта праўда. Васкевіч з адчаем прызнаецца: “Мама, я хацеў гаварыць так, як ты мяне з малых гадоў вучыла, як мяне ў школе вучылі, як у нас усе гавораць! Вы такія ж людзі, як і тыя, што жывуць у горадзе, у вас такія ж галовы і такая ж культурная мова... ну, язык, як і ва ўсіх...” [24, с. 25].
Гісторыя выгнання Васкевіча – у яго маналогу-споведзі. Дзве з паловай старонкі тэксту, не структураванага нават абзацамі, не актывізаванага аўтарскай мовай ці хаця б традыцыйнымі рэплікамі суразмоўцы: “брат Сцяпан умеў слухаць, не перабіваў, падтакваў. Антон пачаў вярэдзіць сабе душу” [24, с. 28].
Гэта споведзь ахвяры абсурдных абставін і сведчанне пра час і яго атмасферу. Аднак на Антонава прэамбульнае “У чым віна? За што?” адказу чытач не атрымае таксама, як і сам Васкевіч.
Інтрыга разблытваецца напрыканцы аповесці, у 19–22 раздзелах.
Выгнанніка наведаў сябар і аднакурснік Алесь Рамановіч. Маці Васкевіча ўспрыняла прыезд неспадзеўнага госця як добры знак і сынава выратаванне. “Чырвоную ад задавальнення”, што дагадзіла пачастункамі, яе пацягнула на філасофію:
“– Гляджу на вас – такі красівы, модны хлопец, і не п’яце, і Антон мой не так ужо каб піў... Чаго яны да вас чапляюцца, штоб да іх смала чаплялася?
Рамановіч аж зарагатаў ад такой непасрэднасці.
<...>
– Уся наша бяда, цётка, у тым, што мы моцна любім сваё, роднае. А гэта далёка не ўсім даспадобы.
– Ох, хай бы вы тады трохі менш любілі, былі б трохі хітрэйшыя, берагліся...
На такую параду Рамановіч адрэагаваў ужо не рогатам: папрасіў гарбаты” [24, с. 86].
Крыху пазней чытач зразумее, што вясковая жанчына за якую гадзіну размовы з “красівым, модным хлопцам” патрапіла ў дзясятку і пра “хітрэйшых”, і пра “берагліся”. Згадаем, што яшчэ раней Васкевіч, адзначаючы парадаксальную логіку вяскоўцаў і маці, дзівіўся: “Як усё ж умее думаць вясковы практычны мозг!.. Самае цікавае, што мала памыляецца...” [24, с. 87].
Галоўнае пытанне, рубам пастаўленае маткай, засталося без адказу. Усё праясніцца крыху пазней. Хлопцы выйшлі з хаты, мінулі вёску і пайшлі па дарозе: з аднаго боку пацягнуўся лес, а з другога – зарослы кустоўем луг. Тут Васкевіч “яшчэ больш, чым у сваёй хаце, адчуваў сябе гаспадаром”.
Рамановіч ажно пазайздросціў выгнанніку: “Ты ж проста ў ножкі павінен пакланіцца тым, што цябе выгналі! Такая магчымасць – пабыць тут, сярод прыроды, людзей, <...> якога чорта мы ўсе скупіліся ў Менску?! Сярод людзей трэба быць, паміж народу!” [24, с. 88].
Міжволі напрошваюцца асацыяцыі. Выгнанніка Пушкіна наведалі ў Міхайлаўскім Пушчын і Дэльвіг... Згадваюцца і “лепшыя хвіліны жыцця” Андрэя Балконскага, як ён сам іх вызначаў. Кожная – этап узыходжання “па лесвіцы да чалавека”. Зведаўшы крах ілюзій (ад імкнення да славы і велічы прыйшоў да разумення іх марнасці і мізэрнасці), перажыўшы новую трагедыю – смерць жонкі, – стаў “выгнаннікам”: вярнуўся ў Багучарава. Там яго і наведаў П’ер. Іх, такіх розных, яднае яснае бачанне “лесвіцы, што вядзе ад расліны да чалавека”.
Спрэчку “пра жыццё, пра назначэнне чалавека” прадоўжылі на пароме. Тая размова і “П’ер на пароме” сталі для рэфарматара Балконскага адной з “лепшых хвілін жыцця”.
Талстой піша, што прыезд П’ера стаў для князя момантам, з якога пачалося новае жыццё: “першы раз пасля Аўстэрліца ён убачыў тое высокае неба, якое ён бачыў, лежачы на Аўстэрліцкім полі, і штосьці даўно заснулае, штосьці лепшае, што было ў ім, раптам радасна, молада прачнулася ў яго душы”.
А чым жа стаў для выгнанніка Васкевіча прыезд Рамановіча?
Не “лепшай хвілінай”, а горыччу расчаравання і страты: “Адзінокі Васкевіч стаяў і глядзеў услед цягніку, што імкліва аддаляў і аддаляў ад яго такога раней блізкага чалавека” [24, с. 90]. Такой была горкая плата за адкрыццё – адказ на вярэдлівае “за што?”.
Прывядзём фрагмент дыялогу паміж сябрамі, якія хутка стануць «былымі».
“Алесь гаварыў ціха і пранікнёна, і пасля кожнага сказа ляпаў далоняй па траве:
– Цяпер – толькі палітыка. <...> Цяпер гэта – аддзяленне – павінна стаць нашай нацыянальнай ідэяй.
– Цяпер ужо гэта “нацыянальная ідэя”? <...>
– Жменька нас ёсць, праз выбары возьмем уладу – і ўсё само сабой зробіцца...” [24, с. 88].
Пачутае агаломсіла, раззлавала. Тое, што было для Васкевіча “ідзеяй”, за якую, шчыра лічыў, і “пастрадаў”, як некалі Лебяда, Зарэцкі, Гарэцкі і многія іншыя “нацыяналісты”, – аказалася “ўзяць уладу”. Аказалася голай палітыкай. Яна была для Антона не проста чужароднай (“я не змагар”), але агіднай і непрымальнай не менш, чым “свінцовыя мярзоты жыцця”.
Нарэшце яму стала зразумелай уласная роля ў чужых палітычных гульнях: “Быў сярод вас, побач – быў патрэбен як матэрыял. Як і гэтыя людзі, што жывуць вунь у хатах, табе будуць патрэбныя. <...> Значыць, ідэя даражэй за чалавека? <...> А раз ідэя для вас засціць чалавека, дык гэта... не ідэя. Такая ж лухта, “балталёгія”, як і ўсе іншыя словы...” [24, с. 89].
Праз ілюзію на карамазаўскі пастулат з рамана Ф. Дастаеўскага (пра дзіцячую слязінку, якой не варта шчасце ўсяго чалавецтва) выяўлена азарэнне і сталенне Антона Васкевіча.
Пра выключнасць і нешараговасць асобы Васкевіча ўжо не раз даводзілася. Ён сапраўды бачыць і разумее тое, чаго іншыя не заўважаюць і не разумеюць. Аднак парадаксальна: ён не разумее відавочнага, што разумеюць усе, і, як ён сам прызнае, “самае цікавае, што мала памыляюцца”.
А вось ён памыляецца вельмі часта. Малапісьменная вясковая жанчына фактычна адразу “раскусіла” Рамановіча. Васкевіч жа ўмудрыўся “ўляпацца” ў тое, што яму непатрэбнае і нават агіднае. Ён дазваляе маніпуляваць сабой, выкарыстоўваць сябе як “матэрыял” для дасягнення чыёйсьці мэты.
У Васкевічавай ілюзіі на карамазаўскі пастулат – не яго сталенне, а толькі разуменне. Аднак усё вызначаецца не разуменнем, а справамі. Літаральна праз месяцы два пасля “азарэння”, што яго выкарысталі як “матэрыял”, ён зноў наступіў на тыя ж граблі. Яму прапанавалі падпісаць тэлеграму ў Мінск “у падтрымку кагосьці і з асуджэннем кагосьці”. Добра разумеючы, што ўдзельнічае ў “глупстве і “всеобщем помешательстве”, – “па-дурному хіхікнуў і падпісаў”. Ён дакарае сябе за такое згодніцтва і маладушша: “Ніколі сабе гэтага не дарую” [24, с. 91]. Але чаго варта запозненае самакалупанне?
“Васкевіч – воск, з якога лёгка выліць (як каму будзе патрэбна!) і Богу свечку, і чорту – качаргу. У такога майстра, як Андрэй Федарэнка, нічога выпадковага і дробязнага не бывае, а прозвішча галоўнага героя – увогуле не дробязь. У ім – пісьменніцкая пазіцыя адносна свайго героя, яго сутнасці” [10, с. 55].
Як правіла, асоба выключная – гэта асоба моцная. Яна не заўсёды можа супрацьстаяць абставінам і перамагчы іх, што сведчыць не пра яе слабасць, а пра сілу абставін. У Васкевіча не стае сілы нават на тое, каб не патураць злу – хаця б не ўдзельнічаць у “всеобщем помешательстве”.
Можна не сумнявацца, што хітрун Рамановіч ад Васкевіча не адступіцца. Ён піша, што “прыклаў рукі”, каб выгнанніка вярнулі ў інстытут. I тут жа: “лепш было б, каб ты астаўся яшчэ на год на другім курсе, бо свае людзі цяпер больш чым калі патрэбны на ўсіх курсах і патоках”... [24, с. 92]. Для чаго Рамановічу патрэбны “свае людзі”, мы ўжо ведаем.
Васкевіч вычарпальна сказаў пра сябе: “Я не змагар”.
Але ж, з іншага боку, выключную, нешараговую асобу вызначае перадусім менавіта “ідзея” – “одна, но пламенная страсть”. У кожнай выключнай, моцнай асобы – свая ідэя. У Васкевіча яна абумоўлена яго дарам, многія складнікі якога ўжо не раз называліся. Аднак сутнасць ідэі і дару адна – мова, роднае беларускае слова. Яно і стала паролем узаемаадносін паміж Васкевічам і старшынёй сельсавета Лобанам: “Я чаму і ўзрадаваўся, калі пачуў, што ты ў сакратара па-беларуску балэкаеш, і адразу сказаў сабе – гэта свой чалавек!” [24, с. 64].
Шчыра зарагатаў Лобан, калі пачуў ад Васкевіча, што яго выгналі не “за гэта дзела”, а за нацыяналізм: “Хто ж цяпер за гэта выганяе?! Цяпер абы ты толькі гаварыў! Я ж гавару – і што? I паперы вяду, магу паказаць... Канечне, многія крывяцца, але нічога – перажывуць!” [24, с. 65].
Информация о работе Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі