Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 05 Декабря 2017 в 21:28, курсовая работа

Описание работы

Мэта работы: прааналізаваць праблематыку і паэтыку твораў Андрэя Федарэнкі.
Зыходзячы з пастаўленай мэты вырашаюцца наступныя задачы:
1) разгледзець праблематыку філасофскай і псіхалагічнай прозы Андрэя Федарэнкі (раман “Рэвізія”, аповесць “Вёска”, апавяданні);
2) даследаваць своеасаблівасць прыгодніцкіх твораў Андрэя Федарэнкі для дзяцей (“Шчарбаты талер”, “Афганская шкатулка”);
3) вызначыць асаблівасці паэтыкі Андрэя Федарэнкі: адметнасці творчага метаду, галоўныя катэгорыі мастацкага свету.
Аб’ект даследавання: проза Андрэя Федарэнкі.
Прадмет даследавання: праблематыка і паэтыка твораў Андрэя Федарэнкі.

Содержание работы

Уводзіны.................................................................................................................3
Глава 1. Філасофская і псіхалагічная проза Андрэя Федарэнкі........................5
1.1 Раман “Рэвізія”.......................................................................................5
1.2 Аповесць “Вёска” ................................................................................11
1.3 Апавяданні Андрэя Федарэнкі............................................................21
Глава 2. Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі… 27
2.1 Аповесць “Шчарбаты талер”...............................................................27
2.2 Аповесць “Афганская шкатулка”........................................................30
Глава 3. Мастацкая індывідуальнасць Андрэя Федарэнкі................................41
Заключэнне............................................................................................................52
Спіс выкарыстаных крыніц..................................................................................54

Файлы: 1 файл

Проза Андрэя Федарэнкі.doc

— 483.00 Кб (Скачать файл)

Шмат такіх жа рытарычных пытанняў задае аўтар чытачу вуснамі свайго маладога героя з апавядання “Бунін-Марцінкевіч”, які задумваецца над загадкай чалавечага жыцця на парозе смерці.

Ужо з першых радкоў гэтага знакавага для беларускай літаратуры твора пісьменнік здзіўляе вобразнай паралеллю, якую ён праводзіць, апісваючы свайго галоўнага героя, дваццаціпяцігадовага насельніка рэанімацыйнай палаты: “Такі ў яго бадзёры, пераканаўчы голас, такі прыгожы твар з маладой русявай шчацінкай, так блішчаць яго мяккія вільготныя вочы, такі ён сам увесь урачысты, заміраны, як бы асветлены нейкім унутраным ззяннем. Міжволі хочацца думаць і верыць, ці не Усявышні гэга вырашыў лішні раз злітасцівіцца над неразумнымі людзьмі, даць ім яшчэ адзін шанс, і спусціў да іх з нябёсаў свайго чарговага пасланца... Аналогія тым больш напрошваецца, што “пасланец” літаральна раскрыжаваны – у венах абедзвюх рук па кропельніцы, з грудзіны, з-пад саменькага сэрца, тырчыць адна трубка, суровымі ніткамі па-жывому да скуры прышытая і бурым ад крыві і ёду пластырам залепленая, са спіны – другая” [23, с. 19–20].

Як зазначае Г.М. Кісліцына, “само параўнанне з Хрыстом, хоць імя яго і не названа, выяўляе палемічны характар твора, маркіруючы яго як “сур’ёзную” літаратуру. Варта адзначыць, што з’яўленне біблейных вобразаў было, па зразумелых прычынах, рэдкасцю для літаратуры савецкага перыяду, і нават калі яны траплялі ў твор, то былі “пераніцаваныя” альбо як сатырычна-гумарыстычныя (“Біблія” К. Крапівы), альбо як народныя (“Хрыстос прызямліўся ў Гародні” У. Караткевіча). Аднак і з “разняволеннем” нацыянальнай літаратуры ў канцы 80-х гг. мінулага стагоддзя сітуацыя мала змянілася: цяпер аўтары пазбягаюць рэлігійных алюзій у сувязі са зменай літаратурнай моды на “высокую літаратуру”, паняцце якой стала атаясамлівацца з літаратурай савецкага перыяду. Так выглядае, што сучасны пісьменнік баіцца абвінавачванняў у ідэйнай перакананасці, наяўнасці жыццёвых ідэалаў і прынцыпаў, патрыятычнага пафасу, патэтычнасці ў выказванні і лінейнасці ў выкладанні, ці, інакш кажучы, баіцца быць абвінавачаным у нарматывізме. Вось менавіта з гэтай прычыны невялікі па аб’ёме абзац Андрэя Федарэнкі, прысвечаны апісанню яго героя, адразу ж звяртае на сябе ўвагу як запрашэнне да сур’ёзнай гутаркі” [17, с. 93].

Вобраз паміраючага балбатуна-“філосафа”, які на парозе смерці адкрыў для сябе ісціну, цікавы не толькі сваёй мастацкай пераканаўчасцю, але і тым, што ён аспрэчвае той, хоць і даволі размыты, але ўсё ж больш-менш сфарміраваны постмадэрнісцкі вобраз сучасніка, вобраз, сфарміраваны не столькі самой літаратурай, колькі філасофіяй постмадэрнізму. Андрэй Федарэнка даволі паслядоўна і як быццам знарок праходзіцца па асноўных яе тэзах.

Герой “Буніна-Марцінкевіча” ўпэўнены ў зададзенасці, прадвызначанасці лёсу, які паказваецца чалавеку ў знаках і сімвалах, у зацікаўленай скіраванасці Сусвету на адзінку і падпарадкавальнай яе залежнасці. Нават сваю страшную хваробу ён уяўляе як выніковае звяно непазбежнага ланцуга падзей. Ён верыць у Бога, “які паўсюль”, і адпаведна сумняваецца ў множнасці ісціны. Затое не верыць у багацце выбару, сумняваецца ў значэнні роўнасці і свабоды, прычым па ўсіх гэтых пытаннях ён выказваецца дастаткова разгорнута і паэтычна, іншым разам замяняючы аргумент эмоцыяй: “Вы маеце на ўвазе адноснасць волі як катэгорыі? Я ваш саюзнік. Увогуле, усе гэтыя тэрміны, калі шчыра, такая штучнасць, размытасць, недакладнасць... Правільна, на першы погляд можа падацца, што тыя, хто на вуліцы, людзі, якіх мы назіраем толькі праз акно, маюць неабмежаваныя варыянты выбару: хачу да сябра паеду, хачу – дамоў, хачу да цешчы на бліны... Калі ж капнуць бліжэй – выбару ў іх, як такога, няма, маршрут іх загадзя прадвызначаны, і звярнуць з яго, змяніць яго не так проста, як здаецца. Усе па вялікім рахунку да кагосьці прывязаныя – як я гэтымі вось трубкамі да гэтага вентыля і да кропельніц” [23, с. 22].

На думку безыменнага героя “Буніна-Марцінкевіча”, воля – найбольш умоўны сярод тэрмінаў, бо, па яго назіранні, “можна быць шчаслівым замураваным у сцяне і вар’яцець ад няшчасця, валодаючы цэлымі краінамі або ўсім зямным шарам” [23, с. 22]. “Вуснамі свайго балбатлівага героя (дарэчы, і яго “балбатлівасць” – вымушаная, бо з’яўляецца праявай медыкаментознага ўмяшання) пісьменнік падвяргае сумненню стаўшую аксіяматычнай ідэю свабоды як неабходнай умовы чалавечага шчасця, спяваючы гімн фізічнаму абмежаванню, якое адно толькі – у аўтарскай версіі – можа прывесці да разумення ісціны” [17, с. 93]. Андрэй Федарэнка бярэ на сябе смеласць сфармуляваць гэтую ісціну, зноў жа, сфармуляваць вельмі паэтычна: “А ісціна, мушу сказаць, гэта зусім не набор пастулатаў, гэта не дубовыя максімы, не псеўдафіласофскія абстракцыі, нават – выбачайце за кашчунства! – не хрысціянскія або любыя іншыя рэлігійныя догмы, а! – драбяза, дэталькі, малюсенькія, штодзённыя, якіх мы амаль не заўважаем, а дарэмна, бо на іх трымаецца свет, на іх стаіць жыццё, з іх сумы ўрэшце і складваецца такое нібыта маленькае, але і такое неабходнае, такое сапраўднае – шчасце...” [23, с. 19–20].

Аднак відавочна, што тое, што разумеецца аўтарам пад “драбязой, з якой складваецца, уласна, жыццё”, не зусім “драбяза”, а хутчэй за ўсё здатнасць адчуваць рэчаіснасць ва ўсім багацці яе праяў, прынамсі, да такой высновы прыводзіць сам тэкст. Няспынная беганіна, мітусня, пошук, падманны росквіт магчымасцей прымушаюць чалавека забыць пра небяспеку, крохкасць, безабароннасць і хуткаплыннасць яго жыцця, разам з тым пазбаўляючы і адчування сапраўднасці.

У апавяданні ўзнікае знакаміты і нечаканы ў творы XXI ст. лацінскі крылаты выраз – memento mori, які ў дадзеным выпадку нагадвае пра неабходнасць цаніць жыццё, “піць яго маленькімі глыткамі”. Калі ў хрэстаматыйным творы Я. Брыля «Memento mori» выраз нагадваў пра непазбежнасць маральнага выбару, перад якім раней ці пазней апынаецца чалавек, то тут сітуацыя трохі іншая. 3 аднаго боку, галоўны герой Андрэя Федарэнкі перажывае за тое, што людзі не здатныя без знешняга штуршка ацаніць падарунак жыцця, з другога – не робіць нічога для таго, каб захаваць жыццё ўласнае. Аднак у фінале апавядання аўтар апісвае дзве смерці (галоўнага героя і яго суседа па палаце), як быццам нагадваючы, што чалавек бяссільны перад махавіком быцця, незалежна ад таго, ці задумваецца ён над сэнсам светабудовы, ці не. Такім чынам, само быццё не пакідае чалавеку выбару, сведчыць аўтар.

“Як прыпавесць гучыць апавяданне “Рабіна”. Герой прагне пасадзіць дрэўца. Але ў яго ўвесь час нешта не атрымліваецца. То не ў тым месцы ён пасадзіць, і сусед выкапае, то яму няёмка пасадзіць дрэва, бо ведае, што з яго будуць смяяцца бацькі, то дрэўца кепска прыжываецца. I герой пакутуе, ён бачыць, што ягоныя намаганні марныя, што, як бы ён ні стараўся, прыйдзе сусед або ўмяшаецца прырода. Але ўрэшце, калі ў героя ўжо не было ніякіх надзей, калі апошняе дрэва, рабіна, амаль загінула, адбыўся цуд – дрэва, якое ляжала на зямлі і здавалася мёртвым, ажыло і нейкім звышнатуральным намаганнем, ахвяраваўшы лісцем, дало плады, зачырванела. I ў героя прачнулася спадзяванне, што дрэва, хоць пакуль і выглядае, нібы яно ў крыві, акрыяе, будзе жыць, і тады мара будзе споўнена” [15, с. 138].

Нішто ў гэтым свеце не даецца лёгка, нібы даводзіць аўтар. Удачу трэба выпакутаваць, за яе трэба змагацца, дамагчыся цуду няпроста, у яго абавязкова трэба верыць.

Такім чынам, у сваіх апавяданнях Андрэй Федарэнка паказвае складаны і супярэчлівы свет герояў. Яны перамагаюць свае заганы і слабасці, але адначасова і церпяць паражэнні ў змаганні за сябе і з сабой. Іх мадэль паводзін у той або іншай сітуацыі фармуе арыентацыя на тое, каб захаваць людскасць, не разгубіць дабрыні. Маральны ідэал у творах А. Федарэнкі набліжаны да зямнога жыцця, выведзены з яго супярэчнасцей; яго носьбіты – гэта людзі, якія побач з намі са сваімі зямнымі радасцямі і клопатамі. У апавяданнях пісьменніка выводзяцца новыя характары і тыпы; яны праяўляюць свае якасці – і добрыя, і кепскія – у розных жыццёвых абставінах. Аўтарам даюцца цікавыя павароты ў сюжэтных хадах, адмыслова будуецца ў асобных творах кампазіцыя, што падпарадкоўваецца вырашэнню мастацкай задумы – паказаць чалавека ва ўсёй складанасці і супярэчнасці, такім, які ён ёсць у жыцці, у пошуках свайго месца сярод людзей.

 

 

Глава 2. Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі

 

2.1 Аповесць “Шчарбаты талер”

 

Мастацкае адкрыццё і засведчанне цудаў – вось што вылучае творчы метад пісьменніка Андрэя Федарэнкі. Аналітыкі называюць гэты метад “казачным рэалізмам” [9, с. 105]. А. Федарэнка спатольвае прагу і патрэбу юнага чытача ў цудзе ў самых розных яго праявах. Да ўсяго цуд гэты – “рэалістычны”, “звычайны”, гэта значыць такі, які можа надарыцца кожнаму, і які людзі проста не прыкмячаюць, тым самым збядняючы сябе і сваё жыццё.

“Шчарбаты талер” – прыгодніцка-дэтэктыўны твор з надзвычай цікавай інтрыгай. Інтрыга гэта найперш звязана з легендай, пошукам скарбу і “геолагамі” – бандай Павука.

У аповесці Андрэя Федарэнкі для дзяцей і пра дзяцей ёсць шмат загадкавага, таямнічага, цудадзейнага, але яно іншага кшталту – не такое, як, напрыклад, у творах М.Твэна, М. Рыда, А. Дзюма, Я. Маўра, У. Караткевіча, А. Рыбакова і інш.

У “Шчарбатым талеры” Андрэя Федарэнкі шмат такіх цудаў, якія ёсць вакол нас, нават зусім побач з намі, але, на вялікі жаль, мала хто здольны іх заўважаць. Героям з чыстымі памкненнямі, якія кіруюцца меркамі дабра і зла і не блытаюць адно з другім, як узнагарода, пасылаецца нейкі цуд, выпадак, які дапамагае ім у нялёгкай, нават рызыкоўнай справе. Нездарма ж Міхалу, які дбае пра агульную справу, а не пра сябе, які пазбаўлены зайздрасці, пашчасціла на выпадковую сустрэчу з беларускамоўнымі дзецьмі ў горадзе. Менавіта перад Міхалам найперш пакаяўся дзед Макар і расказаў пра клады цераз Бярэзіну. Ён нават і не падазраваў, што гэтыя выпадкі “звяжуцца” ў адно і стануць ключом да разгадкі гісторыі з талерамі і пошуку скарбу. Менавіта Міхалу пасылаецца, як узнагарода, цуд – і ён знаходзіць на бяросце арыенцір-прывязку, якой не бачыў і не разумеў ніхто. “Міхал усё яшчэ быў як п’яны ад свайго адкрыцця” [30, с. 481].

Цуды бываюць не толькі станоўчыя (як узнагарода за веру ў іх і нястомную працу “душы і мускулаў”), але і адмоўныя. Такія цуды – пакаранне за “зухаватыя ўчынкі”, нячыстыя памкненні ці брудныя справы.

Чэсь зайздросціў свайму сябру: “На самай справе яму было проста зайздросна. Як жа ён сам, вясковы хлопец, беларус, – і не здагадаўся раней за Міхала! Тады, магчыма, і Аксана зусім інакш да яго ставілася б...” [30, с. 481]. Зайздрасць Чэся і яго жаданне ўзяпь рэванш сталі прычынай вялікіх непрыемнасцей: ён угаворвае Аксану ісці шукаць клады не разам з усімі, а толькі з ім, каб ужо ў гэтай справе апярэдзіць усіх. У выніку – дзеці заблудзіліся.

Нельга не заўважыць, што пісьменнік літасцівы да тых герояў, якія здольны ўсвядоміць свае памылкі, адчуць за іх пякучы сорам – і пакаяцца: “Прабач, Аксанка, – сам заблудзіўся і цябе звёў... Мне так сорамна. Засмяюць... А галоўнае, цябе шкада...” [30, с. 509]. Адбылося “галоўнае” – адбыўся і цуд: “I раптам штосьці крутанулася ў галаве і нібы стала на сваё месца...” [30, с. 510]. Усё “становіцца на сваё месца” ў галаве, калі стане на сваё месца патрэбнае ў душы, калі яна ачысціцца ад бруду.

Каб канчаткова пазбавіцца ад “злога” цуду, мала ўсвядоміць свой грэх і пакаяцца. Патрэбны дзеянні, учынкі, добрыя справы: “бегчы зараз да Кладаў, гнаць лодку ў Паплавы і зваць людзей на дапамогу” [30, с. 513]. I адбыўся новы цуд: “раптам пачуў ён ззаду знаёмы старэчы голас. 3 лесу на дарогу выходзіў дзед Макар. Не верачы сваім вачам, Чэсь кінуўся да яго: “Дзед Макар, вось дзякуй Богу, што вы тут!” [30, с. 513].

Наогул, у аповесці вельмі часта выкарыстоўваецца слова “раптам”. “Аднак гэтае “раптам” як прадвесце чарговага цуду – невыпадковая выпадковасць. Добрая – узнагарода за добрыя справы і дапамога ў іх. Злая – пакаранне за злыя ўчынкі” [8, с. 17]. Міхал выпадкова сустрэў у горадзе беларускамоўных дзяцей, але да гэтага выпадку і да выхаду з яго ён быў падрыхтаваны духоўна. Ён любіць сваю родную мову, добра разумее, што “раз людзі жывуць у Беларусі, значыць, і размаўляюць па-беларуску”. Ён вырашае: “Прыедзе Аксана, трэба будзе дамовіцца размаўляць так, як гэтыя гарадскія дзеці – на чыстай роднай мове” [30, с. 421].

Дзіцячыя вобразы ў аповесці надзвычай прывабныя. Дзеці – увасабленне высакароднасці, кемлівасці, памкнення да дабра, адданасці, згуртаванасці. Яны дасціпныя, смелыя, мэтанакіраваныя. Яны вераць у дабро і гатовы за яго змагацца; яны хочуць здзяйсняць подзвігі, зрабіць нешта адметнае, незвычайнае.

Асаблівай эстэтычнай прывабнасцю і ўздзеяннем на юных чытачоў вылучаецца вобраз Міхала. “Гэта быў высакаваты для свайго ўзросту (а ён быў на год старэйшы за Аксану з Чэсем), чарнавокі, сур’ёзны хлопчык” [30, с. 369]. У гэтым падлетку дзівосным чынам спалучаецца рамантычна-ўзнёслае і жыццёва-прагматычнае, непасрэднасць і адначасова разважлівасць, нават мудрасць. Яго паважаюць і дарослыя, і дзеці. Аксана ведае: “Міхал яе ў крыўду ніколі не дасць. I бацька яго ведае, і бабуля любіць...” [30, с. 369]. Ён любіць ва ўсім парадак і яснасць, вядзе грунтоўны дзённік, куды запісвае станоўчае і недахопы іх плана “Як ім за лета зарабіць грошы і разбагацець?”. Аднак пасля роздумаў і спрэчак менавіта ён праяўляе настойлі- васць і ўменне вылучыць самае важнае: “Давайце найперш запішам... пункт пяты, галоўны і асноўны: пошукі скарбу”. Авантурызм Змітрака і Чэся мудра карэктуюцца Міхалам і скіроўваюцца ў патрэбнае рэчышча. Міхал умее адрозніваць дабро і зло, рашуча адмаўляе брудныя сродкі для дасягнення хай сабе і жаданай мэты. На прапанову Змітрака “здаць” усіх адразу: і дзеда, і ўнука, і “геолагаў”, каб ніхто больш ім не шкодзіў, – разважліва і тактоўна даводзіць: “Паслухай. Па-першае, само па сабе гэта брыдка – “здаваць” каго б там ні было. Па-другое, ты, Змітрок, чалавек гарадскі, а тут свае законы. Ты падумаў, як пасля жыць і глядзець гэтаму дзеду Макару ў вочы?” [30, с. 430]. На Змітракова пытанне, што рабіць, шырока ўсміхнуўся: “Таму прапаную – гуляць! Чорт з ім, з гэтым скарбам! Лета стаіць! Будзем гуляць у футбол, лавіць рыбу, сходзім у паход – не на адным скарбе свет клінам сышоўся!” [30, с. 430].

Информация о работе Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі