Аналіз як этап вывучэння мастацкага твора ў школе

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 15 Декабря 2014 в 11:17, курсовая работа

Описание работы

Беларуская літаратура — дысцыпліна культуралагічнага цыкла, якая паслядоўна і сістэматычна далучае вучняў да мастацтва. Літаратура ў школе - сродак эстэтычнага асваення (вымярэння) жыцця, яго маральных нормаў і вартасцей. Урок літаратуры — гэта найперш “працэс жыццепазнання, скіраваны на выпрацоўку крытычнага і мадэлюючага тыпаў мыслення”[2, с. 3]. Родная літаратура каштоўная сваімі ідэямі і тым асобасным сэнсам, які маюць сюжэт літаратурнага твора, мастацкія вобразы, адносіны і стаўленне самога аўтара да герояў і падзей да жыцця і свету.

Содержание работы

УВОДЗІНЫ..........................................................................................................3

ГЛАВА 1 Аналіз як этап вывучэння мастацкага твора
Характарыстыка аналізу як этапа вывучэння мастацкага твора……………………………………………………..………………………….6
Метады і прыёмы аналізу мастацкага твора…………………………………...12
Шляхі аналізу мастацкага твора ………………….…………………………....18
Асаблівасці работы над мастацкім творам і вобразам-персанажам мастацкага твора…………………………………………………………………………….…..28

ГЛАВА 2 Асаблівасці аналізу на прыкладзе аповесці І. Шамякіна “Непаўторная вясна
2.1 Аналіз аповесці Івана Шамякіна “Непаўторная вясна” у 11 класе .………………………………………………………………….…………………..38


ЗАКЛЮЧЭННЕ………………………………………………………………….43

Файлы: 1 файл

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.docx

— 305.82 Кб (Скачать файл)

Выкарыстоўваючы гэты шлях, неабходна памятаць і пра тое, што вучні (а часам і настаўнік), працуючы над пэўнай пастаўленай праблемай, могуць разважаць сумарна і некалькі адцягнена, пакідаючы па-за ўвагай цэласнасць мастацкага палатна і іншыя, больш вузкія, праблемы, узнятыя аўтарам у творы. Каб не дапусціць названых недахопаў, настаўніку варта дэталізаваць і канкрэтызаваць вузлавыя праблемныя пытанні.

Названым шляхам можна вывучаць такія творы, як “Шчасце” М.Танка, “Чалавеку патрэбна не слава...” С. Грахоўскага, “Тутэйшыя” Янкі Купалы, “Memento mori” Я. Брыля, “Знак бяды” Васіля Быкава і інш[9, c. 97]. 

Адразу пасля прачытання твора павінна быць прапанавана пытанне (шэраг пытанняў), пошукі адказу на якое вызначаць увесь наступны алаліз твора. Такое пытанне з’яўляецца перспектыўным або вузлавым.  

Сярод праблемных пытанняў пры вывучэнні аповесці Васіля Быкава “Знак бяды” могуць быць наступныя:

  1. У чым бачыў Васіль Быкаў маральныя асновы чалавечых паводзін, свабоду маральнага выбару ў самыя драматычныя моманты жыцця?
  2. Пятрок і Сцепаніда Багацькі: ахвяры ці героі?
  3. Выпадковы ці заканамерны прыход на службу да фашыстаў Гужа, Каландзёнка і Недасекі?
  4. З якой мэтай у творы выкарыстаны прыём рэтраспекцыі?
  5. Чаму Васіль Быкаў паставіў знак роўнасці паміж фашызмам і сталінізмам?
  6. Мастацкая сімволіка твора: якая і для чаго?[9, c. 97]

 

 Скрыты шлях — гэта найменш традыцыйны шлях аналізу. Ён прымальны для невялікіх твораў. «Пранікненне» ў тэксты адбываецца праз стварэнне да яго ілюстрацый (часам вусных) або аналіз гатовых ілюстрацый, праз састаўленне кадрапланаў, кінасцэнараў, інсцэніраванне, праз аналіз музычных твораў, спектакляў, палотнаў жывапісу, асновай якіх стаў літаратурны тэкст[6, c. 74].

Напрыклад, пры вывучэнні ў 8 класе “Раманса” (Зорка Венера ўзышла над зямлёю...” Максіма Багдановіча ці “Бывай” Аркадзя Куляшова можна пачаць урок з праслухоўвання аўдыёзапісу музычных твораў на названыя вершы. Перад вучнямі будзе пастаўлена задача прасачыць інтанацыйную блізкасць, зліццё музыкі і тэкстаў, адметнасць сродкаў музычнай і паэтычнай выразнасці. Акрамя таго, пры разглядзе раманса “Зорка Венера” варта звярнуць увагу на розную інтэрпрэтацыю верша М. Багдановіча ў рамансах А. Багатырова, С. Палонскага, Р. Шырмы.

Гэты ж шлях можна ўжыць і пры вывучэнні ў 5 класе тэмы “Легенды”, пачаўшы знаёмства з гэтымі творамі з аналізу цыкла палотнаў Аляксея Марачкіна “Легенды”, ажыццяўляючы параўнанні спецыфікі мастацкіх палотнаў (каларыт, фарбы, кампазіцыя і інш.) з асаблівасцямі літаратурнага тэксту.

Пры выкарыстанні дадзенага шляху ёсць небяспека адыходу літаратурнага твора ў свядомасці вучняў на другі план. Гэта можа адбывацца з-за спецыфікі прыёмаў, з-за паглыбленай увагі да выкарыстанай нагляднасці ці сумежных відаў мастацтва[6, c. 75].

Шлях аглядавы выкарыстоўваецца ў асноўным для твораў, якія падаюцца для самастойнага чытання, на знаёмства з якім адводзіцца зусім мала часу. Напрыклад, раман «Людзі на балоце»” І. Мележа вывучаецца паўрочна, а з раманамі «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань» вучні знаёмяцца ў агульных рысах. Гаворка звычайна ідзе аб далейшым лёсе герояў, ідэйным змесце. Выбранае кола пытанняў, на якія нацэльвае вучняў настаўнік, разглядаецца ў агульных рысах без увагі да дэталяў[9, c. 98].

Шлях свабоднага аналізу. Гэты шлях адрозніваецца ад аглядавага толькі тым, што вучні цалкам самастойныя ў асэнсаванні і ацэнках твора. Напрыклад, паўрочна аналізуецца першы раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, а аповесць “Зброя” вучням прапануецца прачытаць і выказаць свае ўражанні. Свободны аналіз можа прымяняцца і для твораў, прапанаваных праграмай для самастойнага чытання. Так, пасля вывучэння ў 9 класе манаграфічнай тэмы “Якуб Колас”(паэзія, паэма “Новая зямля”, трылогія “На ростанях”) для самастойнага чытання прапануецца паэма “Сымон-музыка”, якую і можна разгледзець, выкарыстаўшы  шлях свабоднага аналізу[4, c. 92].

Практыка паказвае, што ў чыстым выглядзе разгледжаныя шляхі выкарыстоўваюцца рэдка. Настаўнікі-славеснікі часцей звяртаюцца да камбінаванага  шляху аналізу, у ходзе якога разглядаюцца то падзеі твора ў іх сюжэтнай паслядоўнасці, то вобразы герояў, то скразныя тэмы ці праблемы. Такі шлях аналізу  выкарыстоўваецца пераважна пры вывучэнні вялікіх эпічных твораў[4, c. 93].

 

 

    1. Асаблівасці работы над мастацкім творам

Пры аналізе мастацкага твора трэба адрозніваць ідэйны змест і мастацкую форму.

І. Ідэйны змест уключае:

1) тэматыку твора - адабраныя пісьменнікам сацыяльна-гістарычныя характары і іх узаемадзеянні;

2) праблематыку - найбольш істотныя для аўтара якасці і бакі ўжо адлюстраваных характараў, якія былі вылучаны і ўзмоцнены ім у мастацкім выяўленні;

3) пафас твора - ідэйна-эмацыянальныя адносіны аўтара да паказаных сацыяльных характараў (героіка, трагізм, драматызм, сатыра, гумар, рамантыка і сентыментальнасць)[3, c. 10].

Пафас - вышэйшая форма ідэйна-эмацыянальнай ацэнкі жыцця пісьменніка, якая раскрываецца ў яго творчасці. Сцвярджэнне велічы подзвігу асобнага героя або цэлага калектыву з'яўляецца выражэннем гераічнага пафасу, прычым дзеянні героя ці калектыву адрозніваюцца свабоднай ініцыятывай і накіраваны на ажыццяўленне гуманістычных прынцыпаў. Перадумовай гераічнага ў мастацкай літаратуры з'яўляецца героіка рэчаіснасці, барацьба са стыхіямі прыроды, за нацыянальную свабоду і незалежнасць, за свабодную працу людзей, барацьба за мір. 
Калі аўтар сцвярджае справы і перажыванні людзей, якім уласцівы глыбокае і неадольнае супярэчанне паміж імкненнем да ўзвышанага ідэалу і прынцыповай немагчымасцю яго дасягнення, то перад намі трагічны пафас. Формы трагічнага вельмі разнастайныя і гістарычна зменлівыя. Драматычны пафас адрозніваецца адсутнасцю прынцыповага характару супрацьстаяння чалавека пазаасабістым варожым абставінам. Трагічны характар заўсёды адзначаны выключнай маральнай вышынёй і значнасцю[3, c 11].

Вялікае значэнне ў мастацтве XIX-XX стагоддзяў набыў рамантычны пафас, пры дапамозе якога сцвярджаецца значнасць імкнення асобы да эмацыянальна апярэджанага універсальнага ідэалу. Блізкім да рамантычнага з'яўляецца сентыментальны пафас, хаця яго дыяпазон абмежаваны сямейна-бытавой сферай праяўлення пачуццяў герояў і пісьменніка. Усе гэтыя віды пафасу нясуць сцвярджальны пачатак і рэалізуюць узвышанае як асноўную і найбольш агульную эстэтычную катэгорыю.

Агульнай эстэтычнай катэгорыяй адмаўлення негатыўных тэндэнцый з'яўляецца катэгорыя камічнага. Камічнае - гэта форма жыцця, якая прэтэндуе на значнасць, але гістарычна выкараніла свой станоўчы змест і таму выклікае смех. Камічныя супярэчанні як аб'ектыўная крыніца смеху могуць быць усвядомлены сатырычна і гумарыстычна. Гнеўнае адмаўленне сацыяльна небяспечных камічных з'яў вызначае грамадзянскі характар пафасу сатыры. Кпіны з камічных супярэчнасцяў у маральна-бытавой сферы чалавечых адносін выклікаюць гумарыстычныя адносіны да таго, што выяўляецца. Насмешка можа быць як адмоўнай, так і сцвярджальнай, калі выяўляе супярэчнасці. Смех у літаратуры, як і ў жыцці, надзвычай разнастайны ў сваіх праявах: усмешка, кпін, сарказм, іронія, сарданічная ўсмешка, гамерычны рогат[3, c. 12].

II. Мастацкая форма  ўключае:

1) дэталі прадметнай  маляўнічасці: партрэт, учынкі герояў, іх перажыванні і мова (маналогі і дыялогі), бытавое абсталяванне, пейзаж, сюжэт (паслядоўнасць і ўзаемадзеянне знешніх і ўнутраных учынкаў персанажаў у часе і прасторы);

2) кампазіцыйныя  дэталі: парадак, спосаб і матывіроўка аповеду і апісання паказанага жыцця, аўтарскія разважанні, адступленні, устаўныя эпізоды, абрамленне {кампазіцыя вобраза - суадносіны і размяшчэнне прадметных дэталяў у межах асобнага вобраза);

3) стылістычныя  дэталі: выяўленча-выразныя дэталі аўтарскай мовы, інтанацыйна-сінтаксічныя і рытміка-страфічныя асаблівасці паэтычнай мовы ў цэлым.


Асаблівую ўвагу пры аналізе мастацкага твора настаўнікі літаратуры надаюць характарыстыцы мастацкага вобраза[3, c. 13].

Мастацкі вобраз - форма пазнання і адлюстравання жыцця ў мастацкай літаратуры. Гэта можа быць вобраз-малюнак, вобраз-рэч, вобраз-сімвал, вобраз-перажыванне, вобраз лірычнага героя, вобраз-тып, вобраз-персанаж і інш.

Вобраз-тып - гэта персаніфікаваная ідэя, увасабленне ў канкрэтным лёсе пэўных сацыяльных прынцыпаў і нормаў.

Вобраз-персанаж - гэта мастацка пераканальны вобраз чалавека з глыбока і яскрава выяўленымі індывідуальнымі рысамі.

Пры аналізе мастацкага твора важным звяном з'яўляецца аналіз вобразаў-персанажаў, паколькі пранікненне ў «біяграфію» кожнай рысы асобы персанажа паглыбляе бачанне і разуменне ідэйна-мастацкага багацця літаратурнага твора. У першую чаргу настаўнік павінен даць азначэнне, што такое вобраз-персанаж[7, c. 251].

Разглядаючы генезіс асобы літаратурнага героя, пранікаючы ў глыбіню гісторыі яго жыцця, у таямніцу яго лёсу, настаўнік раскрывае перад вучнямі паняцце псіхалагізму ў літаратуры, выпрацоўвае ўяўленне пра тыповасць характараў. Вобраз-персанаж — гэта эпіцэнтр мастацкага твора, а таму нельга зводзіць яго аналіз да складання характарыстыкі, і ў той жа час характарыстыку нельга замяняць пераказам сюжэтнага лёсу героя або ўвогуле зместу твора. Вучні павінны бачыць мастацкую ролю персанажа. Малодшыя падлеткі павінны ўмець матываваць паводзіны герояў, а старшакласнікі — матываваць і тлумачыць не столькі паводзіны, колькі маральную пазіцыю, перакананні, псіхалогію, устанаўліваць прычынную сувязь паміж рысамі характару і паводзінамі героя, бачыць і тлумачыць уплывы эпохі і асяроддзя[7, c. 252].

Каб вучням лягчэй усвядоміць гэта патрабаванне, можна прапанаваць іх увазе наступную схему:

  

 

Аналіз вобразаў-персанажаў павінен быць зарыентаваны на ўзроставыя асаблівасці вучняў. Зыходзячы з гэтага, неабходна ўлічваць наступныя патрабаванні працы над вобразам-персанажам:

5-6 класы

  • Навучыць самастойна ацэньваць адну з'яву, адзін факт з паводзін персанажа, выводзіць з яго рысу характару і ацэньваць яе значэнне ў грамадскім жыцці.
  • З некалькіх фактаў выяўляць і абагульняць некалькі рыс.
  • Самастойна знаходзіць 2-3 асноўныя рысы персанажаў.
  • Навучыць параўноўваць і супрацьпастаўляць вобразы.

7-8 класы

  • Навучыць аналізаваць фарміраванне характару героя.
  • Развіваць уменне самастойна складаць план характарыстыкі героя.
  • Навучыць здзяйсняць параўнальную характарыстыку па паралельнай і паслядоўнай схемах:

 

 

 

 

 

 Схемы параўнальнага аналізу вобразаў-персанажаў 4: 

 

Старэйшыя класы

  • Навучыць раскрываць характары праз прычынна-выніковыя сувязі.
  • Бачыць герояў у кантэксце гістарычнай эпохі і грамадскага асяроддзя.
  • Прасочваць спецыфіку раскрыцця характару героя з улікам аўтарскай індывідуальнасці пісьменніка[3, c. 14]. 

Нягледзячы на тое, што кожны мастацкі твор, а значыць і кожны персанаж, адрозніваецца ад іншых, усё ж існуюць пэўныя тыповыя аспекты, на якія неабходна звяртаць увагу пры аналізе літаратурнага героя. Гэтыя аспекты і ўтвараюць цэласную характарыстыку вобраза-персанажа. Яе можна прадставіць у выглядзе наступнай схемы-апоры.

 

Схема-апора 5. Характарыстыка вобраза-персанажа

  

 

Гэту схему варта змяшчаць на дошцы ў час працы над вобразам. Яна будзе садзейнічаць лагічнасці і мэтанакіраванасці вучнёўскіх назіранняў.

У падручніках не заўсёды змяшчаецца (гэта абумоўлена абмежаванасцю аб’ёму) дастатковая колькасць пытанняў, неабходных для ўсебаковага аналізу вобраза-персанажа вучнямі. Асабліва гэта тычыцца перажыванняў, настрояў і ўчынкаў героя, якія, як правіла, найбольш складана асэнсоўваць вучням. А таму настаўніку варта кіравацца шэрагам наступных пытанняў:

1. Перажыванні, настроі, думкі.

Чаго хоча, чаго дабіваецца, да чаго імкнецца герой? Ці ёсць у яго мэта? Ці значная гэта мэта? Што ён можа? На што ён рэальна здольны? Ці ёсць у яго ідэалы, сіла волі?  Як ставіцца герой да сябе? Ці здольны ён ацаніць сябе і сваё месца ў жыцці? Ці ўступае ў барацьбу сам з сабою, са сваімі недахопамі?

2. Учынкі

Што герой робіць, чым займаецца? У якіх падзеях прымае ўдзел? Ці адпавядаюць яго заняткі яго імкненням? Чаму ён гэта робіць? З якой мэтай? Якія матывы яго паводзін у кожным эпізодзе? Якія з’явы жыцця адлюстраваны ў вобразе героя?


Адказ на кожнае з пытанняў аргументуецца, падмацоўваецца спасылкай на тэкст. 

Адказ падмацоўваецца праз паралельнае асвятленне пытанняў

- як гэта паказвае аўтар?

- як ацэньвае?

- якія пачуцці гэты  паказ і ацэнкі выклікаюць у чытача?


 

Асаблівую ўвагу вучняў неабходна скіроўваць на аналіз мовы героя, паколькі вобраз-персанаж раскрываецца аўтарам праз індывідуалізацыю яго мовы. Гэта назіранне павінна ажыццяўляцца на аснове трох аспектаў. Для вучняў гэта можа быць прадстаўлена ў выглядзе наступнай схемы-памяткі[3, c. 15]:

Схема-памятка 6. Аналіз мовы вобраза-персанажа

Мова

характарызуе

героя

прычынна-выніковы характар

праз тое, чаму гаворыцца

логіка-сэнсавы бок

праз тое, што гаворыцца

форма выражэння зместу

праз тое, як гаворыцца


 

 

 

Вывад

Такім чынам, аналіз-гэта найбольш адказны і складаны этап работы над творам у школе, яго мэта канкрэтызуецца неабходнасцю паглыбяць і пашыраць першапачатковае ўспрыманне тэксту, а таксама развіваць чытацкія якасці вучняў.

Аналіз мае змястоўны бок, мае сваю структуру: працягласць у часе, дзяленне на асноўныя вузлы, злучэнне гэтых вузлоў, выступае ў сваёй вучэбнай функцыі як працэс, які ўключае ў сябе разнастайную дзейнасць вучняў і стымулюе іх літаратурнае развіццё.

Аналіз дапамагае вучням убачыць, як адлюстраваны жыццёвы матэрыял арганізуецца ў творы, як гэты твор ствараецца, г.зн. яны вучацца разумець твор як мастацтва слова і літаратуру як працэс, у якім жывуць і мяняюцца формы, жанры, стылі і г.д.

Аналіз мастацкага твора займае найбольш часу, які вылучаецца школьнай праграмай. На яго можа адводзіцца частка ўрока, цэлы ўрок або нават некалькі ўрокаў. Ён узбагачае школьнікаў новымі ведамі, паглыбляе іх літаратурнае развіццё.

Школьны аналіз мастацкіх твораў заснаваны на літаратуразнаўчым, але істотна адрозніваецца ад яго і мае сваю спецыфіку. Спецыфіка школьнага аналізу выяўляецца праз дыдактычныя метады, сярод якіх важнейшае значэнне мае мэтанакіраванасць аналізу (наяўнасць скразной ідэі).

Аналiз літаратурнага твора вядзецца шляхам паступовага разгляду асобных кампанентаў яго зместу i формы. Аднак каб такi аналiз не ператварыўся ў своеасаблiвае "прэпарыраванне" твора, што можа загубiць яго як мастацкую з'яву, i неабходна карыстацца прынцыпамi аналiзу, якiя выпрацавала методыка літаратуры(навуковасць, гістарызм, адзінства зместу і формы, цэласнасць аналізу, улік родавай і жанравай спецыфікі, выхаваўча-развіццёвая накіраванасць, адзінства рацыянальнага і эмацыянальнага, адзінства навуковай логікі і творчага натхнення, улік ўзроставых асаблівасцей вучняў).

Информация о работе Аналіз як этап вывучэння мастацкага твора ў школе