Ладдзя роспачы

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 30 Января 2011 в 17:45, статья

Описание работы

Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін - самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць - «завалідрога», а мы, людзі роду крывіцкага, «адарвірог», бо некалі, кажуць, такі ў самога Люцыпара рог сілком аддзерлі і зрабілі з яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка. Я думаю - байкі гэта.

Файлы: 1 файл

Karatkevich.doc

— 227.50 Кб (Скачать файл)

    Вязняў пакінулі адных. Яны чакалі гадзіну, і другую, і трэцюю і, напэўна, палі б духам, каб не Гервасій. А той толькі галавою хітаў:

    - І тут не  лепей, чым на зямлі. 

    З рук людзей раптоўна самі сабою пачалі звальвацца ланцугі, і ўсе зразумелі, што  настаў судны час. А потым у  дзвярах устаў вартавы і агаласіў:

    - Выліваха  Гервасій, жыцця - трыццаць тры  гады.

    Гервасій узняўся  з лавы і абвёў вачыма свой мяцежны  хаўрус.

    - Смялей, хлопцы... Мне весела было з вамі.

    - Я з табой, - сказала дзяўчына. - Мне страшна  будзе без цябе.

    - Чаго, дурная?.. Кінь... Гэта нядоўга... На вось, вазьмі  кветку, каб не было так самотна,  калі пойдзеш туды...

    Ён пагладзіў  яе па галаве і падумаў адно толькі слова - «шкада». А потым падміргнуў людзям нахабным левым вокам і, бяззбройны, без кветкі, накіраваўся ў смяротны пакой.

    Пакой быў  высокі, як касцёл, і вострыя скляпенні  губляліся ў цемры, а за стральчастымі  вокнамі ляжала вечнае цямноцце. І  пакой быў пусты - толькі стол, ды два крэслы, ды шахматная дошка на стале.

    Сцены былі ўсе  абцягнуты шэрым пыльным сукном. Проста перад Вылівахам, у дальнім  муры, былі нізкія цёмныя дзверы, самыя  апошнія, якія існавалі і ў свеце  Памяці і ў свеце Забыцця. Усю тую сцяну і дзверы засноўвала павуцінне. Як чорныя бліскучыя праменні, беглі ва ўсе бакі ніці таўшчынёю з руку. І, як пачварнае чорнае сонца, сядзеў у збегу гэтых праменняў кашлаты велічэзны павук са срэбным крыжам на спіне - Арахна, якая тчэ павуцінне вечнасці.

    А за сталом у  адным з крэслаў сядзела і  маўчала Смерць.

    - Добры вечар  у хату, - сказаў Выліваха.

    - Ты што  ж гэта, Гервасій? - сказала ўрэшце  Смерць. - За ўсю маю дабрыню,  за кветку, за апошні глыток  віна, які я дазволіла табе, ты  ўзбунтаваў ладдзю Роспачы.

    Выліваху раптам стала смешна.

    - Ты накшталт  нашага вялікага Канцлера, - сказаў  ён. - Здзірае апошнюю шкуру і  яшчэ патрабуе, каб яму за гэта  крычалі «дзякуй!». Начальства, відаць, паўсюль аднолькавае. 

    - А ты што,  не чытаў Эклезіяста? Што было, тое будзе, і няма нічога новага пад сонцам.

    - Мяне ён  неяк не цікавіў. У мяне не  так многа было часу, каб выдаткаваць  яго на розную лухту. 

    - А бунтаваць  ладдзю? А ганьбіць Перавозчыка  і Канцлера? А разганяць маю  варту? А паганіць браму Жаху?

    - Мы - людзі, - сказаў Выліваха.

    Смерць усміхалася:

    - Шмат ты  цяпер паспееш са сваім людствам... Ну, як табе твая суседка? Бачыш,  я назнарок не хацела табе  перашкаджаць. Сама дабіралася да  месца. 

    У нахабных і  вясёлых вачах Вылівахі раптам з'явілася  страшэнная пагарда.

    - Дагэтуль  я думаў, што здзекавацца можа  толькі жыццё. І гэта было  адзіным апраўданнем таго, што  ты існуеш, Смерць.

    - Бачыш, магу  і я. 

    - Бачу. І таму  ўспамінаю жыццё з яшчэ мацнейшай  пяшчотай... Досыць. Кажы, куды ісці?

    Смерць паказала вачыма на дзверы за павуціннем.

    - Арахна, - паклікала  яна. 

    Павук варухнуўся і стаў спускацца ніжэй.

    - Яна вып'е  з цябе жыццё і памяць. Не  палохайся, гэта хутка. 

    - Калі гэта  я чагосьці палохаўся?.. Толькі... я б на тваім месцы абнавіў  сваю гаспадарку. Павука пакінуў бы для ўладароў, якія смокчуць кроў з народа і выступаюць за старыну. А для бедных людзей зрабіў бы молат і падвёў бы да яго латком ваду, як на млыне. Ім столькі разоў у жыцці даводзілася падстаўляць сваю галаву пад абух... Ну, бывай.

    - Чакай, - сказала Смерць. - Ты і цяпер хацеў бы жыць? Ведаючы, што цябе чакае? Артымаўшы маленечкую адтэрміноўку?

    - Нават на  прэнгу, - сказаў Выліваха. - Паўсюль,  дзе няма цябе.

    Смерць сумна  схіліла галаву, але адразу ўскінула яе так, што ляснулі зубы.

    - Добра! Які ты дзіўны! Ты ігрок, але табе патрэбныя рабыні. То, можа, ты згуляеш у шахматы з найвялікшай уладаркай сусвету, ігрок? Стаўка - жыццё.

    Выліваха паціснуў плячыма:

    - Давай. 

    - Хочаш, я  дам табе візіра наперад? 

    - Каб потым  казалі, што я скарыстаўся са  слабасці?

    Дошка ляжала між імі. Гервасій узяў за белы шалом  маленькага, але неверагодна цяжкага  латніка і адкрыў дарогу свайму візіру... Арахна зацікаўлена дыхала над галавой... І раптам Смерць засмяялася:

    - Ты зноў  папаўся...

    - Чаму? Я ведаю:  ты ніколі не прайграеш.

    - То нашто  ты сеў, дурань рагачовец, слабенькі  чалавечак? 

    - Якая ты, часам  вартая жалю. Ніч-чога не разумееш. Я - чалавек... Я - ігрок. Няўжо  ты думаеш, я, нават бяззбройны, нават калі на мяне напалі  б упяцёх, на хвіліну задумаўся  б: ужыць мне зубы ці не?

    - Гляд-дзі, - сказала  Смерць.

    За нейкія дваццаць хвілін яна зрабіла брэш у абароне Гервасія, узламала яе і кінулася знішчаць раскіданыя астраўкі адчайдушнага супраціву.

    І тут Выліваха ўбачыў, які нечалавечы розум гуляе  з ім, якая разлічаная на сто хадоў наперад прадбачлівасць вяжа яго па руках і нагах, як нікому, ніколі не ўдасца выйграць у гэтай вышэйшай і халоднай істоты.

    Латнікі ягоныя ішлі наперад і гінулі адзін за адным. Правы фланг касцянога  белага войска прагінаўся пад несамавітым  напорам чорных так няўхільна, як няўхільна ўлазяць у багну калені чалавека, што ўзняў непасільны цяжар.

    З мужнасцю роспачы  візір Вылівахі кінуўся наперад, збіў варожага латніка, што выходзіў на лінію «Візіраў трон», скінуў баявога  слана і адразу замітусіўся між дзвюма ладдзямі Смерці. Гуляй-гарады на спінах ладдзей драпежна выскалялі свае зубцы.

    Візір збіў яшчэ аднаго латніка і налажыў галавою, аточаны чорным войскам.

    І тады рука Смерці працягнулася і зняла з галавы караля карону.

    - Аман, - сказала  яна. 

    - Я магу  ганарыцца, - сказаў Выліваха. - Не  кожны грае са Смерцю.

    - Ты нядрэнна  біўся. Глядзі, амаль гадзіна.  На іншых дастаткова і дзесяцёх  хвілін.

    - Нічога дзіўнага. Гэта была самая хвалюючая  партыя ў маім жыцці. 

    - Усё скончана, бунтар. Вартавы, прывядзі астатніх.

    У пакой увайшлі  ўсе весляры з ладдзі. І на чале іх стаяла дзяўчына, а замыкаў шэсце - Перавозчык.

    - Вось, - сказала  Смерць. - Ён многа браў на сябе. Хацеў гуляць са мною. Глядзіце  на яго прыніжэнне, хлопы. 

    - Прайграць  не прыніжэнне, - сказала Бярозка. - Прыніжэнне - кпіць з таго, хто мужна прайграў.

    Яна глядзела проста ў вачніцы Смерці.

    - Многа ты  разумееш, шэранькая курачка, - сказала  Смерць. - Многа ты разумееш, слабенькае  пыля.

    Сустрэлася  вачыма з Вылівахам і захінула на грудзях плашч, прыкрыла ім свае старыя жоўтыя косці. І толькі тады Выліваха зразумеў, што перад ім таксама жанчына, з нянавісцю да шчаслівейшых і зайздрасцю да іх.

    - Што, Выліваха, можа, згуляем на кветку? - спытала  яна. 

    - Я магу  гуляць сабою. Але я не гуляю  роднай зямлёй.

    - Што ж, - ужо  абыякава сказала Смерць, - тады  ідзі да Арахны, дзяўчо.

    - Але я не  хачу туды, - непаразумела сказала  Бярозка. 

    - Як я цябе  ненавіджу, - сказаў Выліваха бязносай. - Зусім як нашых радцаў і  князёў.

    - А між тым  я добрая, - сказала Смерць. - Хочаце, ідзіце ўдвох.

    Дзяўчына нібы нават з палёгкаю кінулася да Вылівахі:

    - Хадзем. Хай  яна глядзіць.

    - Я таксама  была маладою, - паблажліва сказала  Смерць. - Я помню свайго першага.  Яго звалі Авель. А цяпер  мне ўсё гэта ўжо непатрэбна. Я ведаю цану ўсім вам. Мужчыны подлы народ, але няма нікога падлейшага за жанчын... Што, Выліваха, не гуляла табою адзіная, каго ты сапраўды жадаў... больш за жыццё?

    - Ну, - сказаў  Выліваха.

    - Подлічала,  набівала сабе цану, мучыла тым  больш, чым больш ты кахаў. І чым больш ты кахаў - тым менш паважала. Патрэбнае ёй было тваё бязмернае каханне? Пуга ёй была патрэбная. Пуга і кулак. Пагарда і рабства. Хоць у апошняй прадажнай дрэні, хоць у баязліўца і здрадніка - абы лізаць ногі. І ты яшчэ не хочаш забыцця? Ды дай вашаму подламу чалавечаму племю вось тут, зараз, уратавацца па адным, кінуўшы ўсіх астатніх Арахне, - хто не скарыстаецца з гэтага? Вось ты, курчанятка, ану... згуляй са мною на сваё вартае жалю жыццё.

    - Я... не ўмею, - твар Бярозкі згаснуў. 

    - А каб умела - кінула б усіх і не пачухалася. А ты... Пе-ра-воз-чык? Ты, здраднік?.. А ты, хлуслівы поп? А вы ўсе? А ты, Выліваха, годны кавалер, ану, згуляй на яе жыццё.

    - Чужым - не  гуляю. Ніколі не гуляў на  чужое майно. 

    - Ну і яшчэ  на гэтых усіх. Ну! На дваццаць год гэтай дзяўчыны. На дваццаць год Перавозчыка, на дваццаць - усіх астатніх. На ўсіх, акрамя папа, бо ён марыў аб царстве пасмяротным. Ну?! Вартая жалю чалавечая слізь!

    - Выліваха, - сказаў  Палачанін. - Ці доўга яна тут  будзе здзекавацца з нас? 

    - А пройгрыш?

    - А гонар, - сказаў Палачанін. 

    - Згода, - сказаў  Гервасій.

    Смерць ускінула галаву:

    - Ты? Табе ж  усё адно нічога, нічога больш  не дапаможа. Што табе?

    Выліваха выстаўляў  цяжкія фігуры. І кожны ўдар донцам аб дошку быў, як удар па вечку труны.

    - Што табе да гэтага Палачаніна? Што табе да Перавозчыка?

    Гервасій пахукаў  на донца свайго візіра: ад сурокаў.

    - Ты прайграеш.  Ты ніколі-ніколі іх не сустрэнеш.  Ніхто ніколі не даведаецца.

    Выліваха раўняў шэраг латнікаў.

    - Ты разумееш, на што ты падымаеш руку? На маю веліч!

    «Гора і няшчасце Рагачова» працягнула руку і ўзяло  ў дзяўчыны кветку.

    - Ты помніш  цара Івана? Я і табе не  дам забыцця. 

    Гожыя вусны  Вылівахі нахабна і дзёрзка ўсміхнуліся, і не было, здаецца, нічога прыгажэйшага за гэтую ўсмешку.

    - Дзякуй, - сказаў ён.

    - Тады - прападай, - сказала Смерць, - ты, што сееш  у сэрцах гэтых... няшчасных нездзяйсняльныя  надзеі.

    - А што,  хлопцы, - сказаў Выліваха. - Пяць  хвілін надзеі - хіба мала?

    Весляры ўсміхаліся.

    - То прападай, - сказала Смерць.

    Латнік яе візіра зрабіў два крокі наперад. Выліваха рушыў свайго.

    Як застрэльшчыкі  сечы, як Ракута і Койдан пад Крутагор'ем, латнікі стаялі пасярэдзіне поля. Твар у твар.

    ...Неадольна,  як цемры цемраў, як крыжацкае  мора на тры сотні вояў князя  Давіда, як асманы на Косавым полі, як рыцары на Белай Гары, рухаліся воі Смерці. І зноў Выліваха адчуў, што ніхто ніколі не можа выйграць у сілы, якая сядзела насупраць.

    Нечалавечая, вышэйшая, халодная і няўмольная разважлівасць, якая не памыляецца, ваявала з ім. Гэта было страшна, нібы ў сне. І Гервасій зразумеў, што ён сапраўды прапаў.

    - Позна, Выліваха, - засмяялася, зарыпела Смерць. - Позна  нават з гэтай дзеўкай. Позна.  Гуляць трэба пры жыцці. Хе-хе. І маё шчасце, што вы, і асабліва  дурныя бабы, не разумееце гэтага. З-за карысталюбства яны адмаўляюць бедным, але высакародным, нібы ў іх тры жыцці.

    І неадольна, бы ў сне, Смерць зрэзала Вылівахавага слана.

Информация о работе Ладдзя роспачы