Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 09 Января 2015 в 18:30, реферат

Описание работы

Завяршылася ХХ ст., якое стала перыядам глыбокіх перамен у свеце. Гэта было супярэчлівае стагоддзе: яно азнаменавалася, з аднаго боку, перамогай розуму, а з другога – жахамі дзвюх сусветных войнаў. Аднак чалавецтва не адмовілася ад вайны, як сродку вырашэння міждзяржаўных праблем. І ў ХХІ ст. у розных рэгіёнах планеты ўспыхваюць лакальныя канфлікты, якія падаграюцца прыхільнікамі тых ці іншых рэжымаў.

Содержание работы

Уводзіны ………………………………………………………

Глава 1. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны…………………3

Глава 2. Акупацыйны рэжым. Калабаранты…………………..10

Глава 3. Партызанскі рух……………………………………..17

Глава 4. Вызваленне Беларусі і Еўропы……………………..27

Заключэнне…………………………………………………….

Літаратура…………………………………………………….35

Файлы: 1 файл

Вял_Айч_в.doc

— 766.50 Кб (Скачать файл)

Інжынер з Дзяржынска А. Варанкоў удзельнічаў у стварэнні партызанскага атрада з былых савецкіх ваеннапалонных у Бельгіі, быў начальнікам штаба гэтага атрада, а потым інтэрнацыянальнай антыфашысцкай брыгады "За Радзіму". У ліку 30 іншых савецкіх партызан быў узнагароджаны вышэйшым бельгійскім ваенным ордэнам.

Ураджэнец Віцебшчыны В.А. Квіцінскі камандаваў Асобай партызанскай брыгадай імя К. Готвальда, якая вызначылася ў Славацкім нацыянальным паўстанні 1944 г. За ўмелае камандаванне брыгадай і асабістую мужнасць у час паўстання В.А. Квіцінскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. За актыўны ўдзел у барацьбе з нямецкафашысцкімі захопнікамі  на  славацкай  зямлі  Героем  Савецкага  Саюза таксама стаў гамельчанін Б.Ф. Калач.

Вядома ў Еўропе імя ўраджэнца Магілёўшчыны В. Мяшкова, які ўзначальваў партызанскі атрад "Ягуар". Атрад дзейнічаў на тэрыторыі паўночнай Францыі і паўднёвай Бельгіі. На яго баявым рахунку шмат удалых аперацый, у тым ліку і знішчэнне нямецкай радыёлакацыйнай станцыі пад Клермонам, адкуль праводзілася карэкціроўка палётаў нямецкіх ракет "ФАУ-1' і "ФАУ-2" у час бамбардзіроўкі імі Лондана. Падобных прыкладаў барацьбы нашых суайчыннікаў супраць агульнага ворага ў краінах Еўропы шмат.

 

Глава 4. Вызваленне Беларусі і Еўропы

 

Разгром нямецкіх войскаў летам 1943 г. на Курска-Арлоўскай дузе дазволіў Чырвонай Арміі перайсці ў стратэгічнае наступленне і ўжо ў верасні 1943 г. распачаць шырокамаштабную аперацыю вызвалення Украіны і Беларусі. 23 верасня 1943 г. часці 8-й (камандзір  палкоўнік П.А. Гудзь) і 74-й (камандзір  генерал-маёр А.А. Казаран) дывізій 15-га стралковага корпуса Цэнтральнага фронту фарсіравалі Днепр і вызвалілі ад нямецкіх акупантаў першы раённы цэнтр Палескай вобласці  гарадскі пасёлак Камарын. 20 воінам, якія вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

А праз некалькі дзён злучэнні 65-й арміі на ўчастку Карповічы-Уборкі фарсіравалі раку Сноў і з баямі 27 верасня вызвалілі раёны цэнтр Церахоўка Гомельскай вобласці.

У ходзе правядзення Смаленскай аперацыі войскі Заходняга і Бранскага франтоў 26 верасня ўступілі на зямлю Беларусі і вызвалілі раённы цэнтр Хоцімск Магілёўскай вобласці. Праз два дні ў час цяжкіх баёў войскі 49-й арміі фарсіравалі раку Сож і вызвалілі г. Мсціслаў. 29 верасня войскі 50-й арміі Бранскага фронту авалодалі г. Крычавам. 1 кастрычніка былі вызвалены райцэнтры Магілёўскай вобласці Чэрыкаў і Краснаполле.

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання паставіла задачу перад войскамі трох франтоў: Калінінскага, Заходняга і Цэнтральнага (апошні 20 кастрычніка 1943 г. перайменаваны ў Беларускі фронт)  разграміць нямецкую армейскую групоўку "Цэнтр" і вызваліць ад ворага ўсю тэрыторыю Беларусі. У адпаведнасці з дырэктывай Стаўкі Калінінскаму фронту прадпісвалася нанесці ўдар у напрамку Віцебск-Полацк-Даўгапілс, маючы на мэце авалоданне сталіцай Латвіі. Войскі Заходняга фронту павінны былі нанесці ўдар у напрамку Орша-Магілёў, вызваліць гэтыя гарады і ў далейшым працягваць наступленне на Барысаў, Маладзечна, авалодаць Вільнюсам. Беларускаму фронту ставілася задача наступаць на Жлобін, Бабруйск і ў далейшым вызваліць Мінск.

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання зыходзіла з меркавання, што вермахт у летняй кампаніі 1943 г. панёс вялікія страты, канчаткова дэмаралізаваны і таму не зможа стрымаць пераможнага наступлення Чырвонай Арміі на беларускім напрамку. Аднак вермахт восенню 1943 г. паказаў, што яшчэ не страціў сваёй баяздольнасці.

6 кастрычніка 1943 г. пачалося  наступленне савецкіх войскаў на Віцебскім напрамку. Ужо на другі дзень часці 3-й і 4-й савецкіх армій вызвалілі ад немцаў Невель і 320 іншых населеных пунктаў. Войскі Калінінскага фронту атрымалі плацдарм для наступлення на Віцебск і Полацк. Аднак замацаваць свой поспех яны не здолелі. Германскае камандаванне перакінула ў раён Гарадка з іншых участкаў фронту 7 пяхотных і 1 танкавую дывізіі. Наступленне войскаў Калінінскага фронту было спынена. У дырэктыве Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання ад 16 кастрычніка 1943 г. адзначалася: "Войскі Калінінскага фронту сваёй задачы не выканалі. Да 10 кастрычніка г. Віцебскам не авалодалі".

Гарадоцкая наступальная аперацыя была адноўлена толькі ў снежні 1943 г. Гарадок быў вызвалены 24 снежня 1943 г. часцямі 11-й гвардзейскай і 43-й армій. Страты войскаў Калінінскага фронту на Віцебскім напрамку ў кастрычнікуснежні 1943 г. склалі 169 тыс. чалавек.

У асенне-зімовай кампаніі 1943-1944 гг. войскі Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К. К. Ракасоўскі) удала правялі Гомельска-Рэчыцкую і Калінкавіцка-Мазырскую аперацыі, у выніку якіх 18 лістапада 1943г. быў вызвалены горад Рэчыца, 26 лістапада Гомель і 14 студзеня 1944 г.  Мазыр. На поўдні рэспублікі войскі Беларускага фронту прасунуліся больш як на 200 кіламетраў у глыб варожай абароны ў паласе шырынёй звыш 100 кіламетраў. У той самы час савецкія войскі вызвалілі яшчэ некалькі раёнаў Віцебскай і Магілёўскай абласцей.

На пачатку лета 1944 г. лінія фронту на Беларусі праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей на захад ад Мазыра і па рацэ Прыпяць да Ковеля. Канчатковае выгнанне нямецка-фашыскіх акупантаў з беларускай зямлі пачалося ў чэрвені 1944 г., калі Чырвоная Армія прыступіла да практычнага ажыццяўлення буйной стратэгічнай аперацыі пад кодавай назвай "Баграціён". Працягвалася яна з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 г. Планавалася прарваць абарону нямецкіх войскаў на цэнтральным участку савецка-германскага фронту, расчляніць групу армій "Цэнтр" (камандуючы генерал-фельдмаршал Э. Буш, якога 28 чэрвеня 1944 г. змяніў генерал-фельдмаршал Э. Модэль) і разграміць іх паасобку.

Савецкаму боку ў гэтай аперацыі супрацьстаяла магутная групоўка армій "Цэнтр", дзве армейскія групоўкі "Поўнач" і "Паўночная Украіна". Агульная колькасць праціўніка складала каля 1,2 млн. салдат і афіцэраў (63 дывізіі і 3 брыгады). На ўзбраенні іх было 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 баявых самалётаў. 3 савецкага боку для ўдзелу ў аперацыі "Баграціён" былі прыцягнуты войскі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў (камандуючыя: генерал арміі, з 29 чэрвеня Маршал Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі, генерал арміі Г.Ф. Захараў і генерал-палкоўнік І.Д. Чарняхоўскі), а таксама войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы генерал арміі I. X. Баграмян). Агульная колькасць савецкіх войскаў складала 2,4 млн. салдат і афіцэраў, 36 400 гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак і 5300 самалётаў (без уліку авіяцыі далёкага дзеяння). Савецкія войскі перавышалі праціўніка ў жывой сіле ў 2 разы, у гарматах і мінамётах у 3,8 раза, у танках і самалётах у 3,9 раза. Да таго ж, у тыле ворага дзейнічалі 150 партызанскіх брыгад і 49 асобных атрадаў агульнай колькасцю болып за 143 тыс. чалавек.

У адпаведнасці з планам асаблівае значэнне ў аперацыі "Баграціён" надавалася разгрому найбольш моцных флангавых нямецкіх вайсковых груповак. 23 чэрвеня 1944 г. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвалі абарону нямецкіх войскаў на паўночным захадзе ад Віцебска. Войскі 39-й арміі 3га Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка і абышлі г. Віцебск з паўднёвага і паўднёвазаходняга напрамку. Ноччу 25 чэрвеня часці 43-й і 39-й армій злучыліся каля в. Гняздзілавічы Бешанковіцкага раёна, канчаткова замкнуўшы акружэнне віцебскай групоўкі нямецкіх войскаў. Удар савецкіх войскаў пад Віцебскам быў моцным і нечаканым для праціўніка, аб чым сведчыць камандзір 197-й нямецкай пяхотнай дывізіі палкоўнік Проя, які трапіў у палон: "Нашы войскі не вытрымалі знішчальных удараў рускіх і пачалі адступаць, не маючы на тое загаду. Рускія праследавалі нас, расчлянялі нашы палкі і наносілі ім цяжкія страты. Палкі знішчаліся літаральна на вачах. Салдаты кідалі гарматы, транспартныя сродкі, боепрыпасы, ваенную маёмасць і нават асабістую зброю і, як шалёныя, разбягаліся".

У Віцебскі "кацёл" трапіла 5 дывізій 3й нямецкай танкавай арміі, якія на 27 чэрвеня 1944 г. былі знішчаны. Праціўнік страціў там каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі, больш за 10 тыс. палоннымі.

Аперацыя па акружэнню і знішчэнню варожай групоўкі пад Віцебскам мела свае асаблівасці. Яна была праведзена агульнавайсковымі арміямі пры падтрымцы авіяцыі і без удзелу буйных танкавых злучэнняў. Баявыя дзеянні насілі скарацечны характар. Ужо на трэці дзень варожая групоўка трапіла ў акружэнне, а на чацвёрты спыніла сваё існаванне. 26 чэрвеня Віцебск быў вызвалены ад акупантаў.

Амаль адначасова з падзеямі пад Віцебскам 3-я, 48-я, 65-я арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі акружылі 6 дывізій нямецкай арміі. Важнейшай асаблівасцю аперацыі па знішчэнню бабруйскай групоўкі праціўніка было масіраванае выкарыстанне авіяцыі фронту. 526 самалётаў 16-й паветранай арміі 1-га Беларускага фронту на працягу некалькіх гадзін групамі па 2530 самалётаў наносілі ўдары па акружанай групоўцы. 28 чэрвеня 1944 г. варожая групоўка колькасцю ў 40 тыс. салдат і афіцэраў была ліквідавана.

Працягваючы паспяхова распачатае наступленне войскі 3-га Беларускага фронту 3 ліпеня 1944 г. вызвалілі сталіцу Беларусі. Першым у Мінск уварваўся танк малодшага лейтэнанта Д.Г. Фролікава 2-га гвардзейскага танкавага корпуса. У 2 гадзіны 30 мінут 3 ліпеня 1944 г. ён перадаў па радыё: "Я Фролікаў, я  Фролікаў, знаходжуся ў Мінску...". А ўжо праз некалькі хвілін пасля паведамлення Д.Г. Фролікава ў Мінск літаральна ўварваліся асноўныя сілы 4й гвардзейскай танкавай брыгады 2-га гвардзейскага танкавага корпуса (камандзір  генералмаёр А.С. Бурдзейны).

Услед за танкістамі рушылі ў бой за вызваленне Мінска часці 11-й і 31-й агульнавайсковых армій. Гераічна змагаліся на вуліцах Мінска воіны перадавых батальёнаў 220-й і 352-й стралковых дывізій. Першым у будынак чыгуначнага вакзала ўварваўся старшы сяржант А.Г. Ляпусцін. Ён ва ўпор расстраляў варожых салдат, што ўмацаваліся там, гранатай знішчыў варожы кулямёт і ўзняў над будынкам Чырвоны сцяг перамогі. Радавы Сувораў з 1315-га стралковага палка першым уварваўся ў Дом Урада, устанавіў над ім дзяржаўны сцяг і зрабіў надпіс: "Здесь воевал Суворов из подразделення Мирошникова". У другой палове дня 3 ліпеня 1944 г. у Мінску не было ўжо ніводнага варожага салдата.

Адначасова на ўсходзе ад Мінска была акружана 105-тысячная групоўка нямецкіх войскаў, якая 11 ліпеня 1944 г. перастала існаваць. Такім чынам, на першым этапе аперацыі за 12 дзён наступлення савецкія вайсковыя злучэнні прасунуліся наперад на 225-280 кіламетраў. Галоўныя сілы групы армій "Цэнтр" былі разбіты. У паласе савецка-германскага фронту з'явіўся пралом шырынёй звыш 400 кіламетраў. Спробы ліквідаваць яго не прынеслі поспеху германскаму камандаванню.

Пасля вызвалення Мінска пачаўся другі этап аперацыі (5 ліпеня  29 жніўня 1944 г.), падчас якога Чырвоная Армія завяршыла знішчэнне акружанага каля Мінска праціўніка. Як развіццё плана "Баграціён", былі ажыццёўлены таксама наступальныя аперацыі  Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая і Шаўляйская. Вызваленнем 28 ліпеня г. Брэста было завершана выгнанне нямецкафашысцкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

У выніку рэалізацыі другога этапа Беларускай аперацыі была поўнасцю разгромлена групоўка армій "Цэнтр", нанесена рашаючае паражэнне групоўкам "Поўнач" і "Паўночная Украіна" і рэзервовым войскам, што былі перакінуты ў Беларусь з Германіі, Нарвегіі, Італіі, Галандыі. Да канца жніўня Чырвоная Армія прасунулася на захад на 500-600 кіламетраў у паласе шырынёй 1100 кіламетраў і дасягнула прыгарада Варшавы  Прагі. Вялікае значэнне для забеспячэння паспяховых баявых дзеянняў савецкіх войскаў напярэдадні і ў ходзе аперацыі мела добра наладжанае ўзаемадзеянне франтавых фарміраванняў з беларускімі партызанамі. Дастаткова сказаць, што толькі за час трэцяга этапа аперацыі "рэйкавая вайна", распачатай партызанамі за тры дні да аперацыі "Баграціён", было падарвана 61 тыс. рэек, 8 чыгуначных мастоў. Поўнасцю выведзены са строю асноўныя чыгуначныя магістралі рэспублікі.

У ходзе Беларускай аперацыі былі разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, а 50 дывізій  страцілі звыш паловы свайго складу. Агульныя страты нямецкіх войскаў і іх саюзнікаў склалі каля 500 тыс. садцат і афіцэраў. Урон з савецкага боку быў таксама істотным: Чырвоная Армія страціла 765 815 салдат і афіцэраў (з якіх 178 507 чалавек забітымі).

У выніку аперацыі "Баграціён" Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, частку Літоўскай і Латвійскай ССР, уступіла на тэрыторыю Польшчы і падступіла да межаў Усходняй Прусіі. Германскае камандаванне было вымушана перакінуць з Заходняга фронту ў Еўропе на беларускі тэатр ваенных дзеянняў 46 дывізій і 4 брыгады, што значна паспрыяла паспяховаму правядзенню аперацый англаамерыканскіх войскаў у Францыі.

На працягу ўсёй Беларускай наступальнай аперацыі салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі паказвалі ўзоры масавага гераізму. Кожны дзень у баях за Беларусь савецкія воіны здзяйснялі сотні гераічных учынкаў. 17 гадзін вёў няроўны бой у г. Барысаве экіпаж легендарнага танка Т-34 у складзе П.М. Рака (камандзір), А А. Пятраева, А.І. Данілава, які 30 чэрвеня І944 г. імкліва праскочыў мост на рацэ Бярэзіне. У выніку былі падбіты 2 варожыя танкі, знішчана камендатура, штаб і вызвалены з няволі 200 савецкіх ваеннапалонных. Экіпаж танка загінуў у няроўным баі. Танкістам пасмяротна было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.

У баі за вёску Сычкава Бабруйскага раёна здзейсніў подзвіг сяржант М.Р. Селязнёў. 30 чэрвеня 1944 г. рота, у складзе якой ваяваў Селязнёў, вяла бой за авалоданне вёскай. Калі воіны ўжо ўварваліся ў варожыя акопы, праціўнік адкрыў знішчальны агонь з дзота, які знаходзіўся на флангу наступаючага савецкага падраздзялення. Рухацца да вёскі было немагчыма. Рота залягла. Знішчэнне агнявой кропкі было даручана адцзяленню пад камандаваннем М.Р. Селязнёва. У агнявой дуэлі з варожым дзотам воіны расходавалі ўсе патроны і гранаты, але зусім блізка падпаўзлі да яго. А вораг працягваў весці шчыльны агонь па баявых парадках роты, сеючы смерць сярод усё новых дзесяткаў таварышаў па зброі. У гэты крытычны момант бою сяржант Селязнёў кінуўся да дзота і закрыў амбразуру сваім целам. Нямецкі кулямёт замаўчаў. Рота выканала баявую задачу, страціўшы некалькі дзесяткаў байцоў, сярод іх і сына ўдмурцкага народа Міхаіла Рыгоравіча Селязнёва. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Яшчэ адзін подзвіг цаной свайго жыцця пры выкананні воінскага абавязку здзейсніў лётчык 75-га гвардзейскага штурмавога авіяпалка лейтэнант М.І. Кірэеў. Буйная групоўка нямецкіх войскаў, спрабуючы вырвацца з акружэння 5 ліпеня 1944 г., пачала пераправу праз р. Волму. Лётчыкі палка атрымалі загад разбамбіць пераправу. Лейтэнант Кірэеў першым узняўся ў паветра. Варожы снарад трапіў у матор самалёта. Кірэеў накіраваў ахоплены полымем самалёт на калону варожай тэхнікі. Такі ж подзвіг пад Мінскам здзейсніў і камандзір звяна 74-га гвардзейскага авіяпалка лейтэнант І.В. Бярэзін. Наогул, у баях за Беларусь вызначылася больш за 402 тыс. воінаў Савецкай Арміі, якія былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а больш як 1500 салдатам, афіцэрам і генералам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Акрамя таго ў час Беларускай бітвы вызначыліся 600 вайсковых часцей і злучэнняў, якія атрымалі ганаровыя імёны па назвах гарадоў і геаграфічных аб'ектаў нашай рэспублікі "Віцебскіх", "Барысаўскіх", "Магілёўскіх" і інш.

Информация о работе Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне