Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565гг.) – “бацька” Рэфармацыі ў ВКЛ

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 20 Марта 2011 в 16:12, реферат

Описание работы

Мікалай Радзівіл Чорны не быў самотны ў сваім імкненні да ісціны. У плыні некалькіх гадоў евангельскімі хрысціянамі сталі Валовічы, Глебавічы, Сапегі, Агінскія, Хадкевічы, Вішнявецкія, іншыя вядомыя ў краіне прозвішча. Іх вера не была прастой фармальнасцю.

Содержание работы

1.Уводзіны
2.Зорны час Мікалая Радзівіла
3.Вялікія пэрспэктывы і вялікія занядбанні
4.Заключэнне
5.Спіс выкарыстованных крыніц

Файлы: 1 файл

Реферат по истории.doc

— 155.00 Кб (Скачать файл)

Вясною 1553 году Мікалай Чорны з пасольствам  выправіўся да імпэратара Фэрдынанда. Праяжджаючы празь Нямеччыну - калыску  Рэфармацыі, віленскі ваявода глядзеў  на яе іншымі вачыма. Ён і раней быў  у гэтых мясцінах, але цяпер, бачачы абноўленую нямецкую царкву, Мікалай Радзівіл канчаткова акрэсліў сваю пазыцыю як эвангельскага хрысціяніна. Вярнуўшыся ў Вільню, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода князь Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвесціў, што ён вызнае эвангельскую веру, вольную ад усялякага ідалапаклонства, і што закладае кальвінскую царкву ў сваім палацы на Лукішках, запрашаючы туды ўсіх, хто жадае вызнаваць сапраўдную веру Хрыстовую. Віленскага ваяводу глыбока ўзрушылі творы Жана Кальвіна, яго бачанне хрысціянскага жыцця як служэння ўсемагутнаму Богу, разуменне, што кожны чалавек прыйшоў на гэты сьвет не выпадкова, а каб споўніць сваё прызначэнне. Князь Мікалай знайшоў у жэнеўскага рэфарматара адказы на шматлікія пытанні, як асабістыя, так і тыя, што хвалявалі яго як аднаго з кіраўнікоў дзяржавы.

У тым  жа годзе Мікалай Чорны выдаў  сваім коштам у Берасьці катэхізм хрысціянскай веры для простага народу. Адначасова ва ўсіх сваіх вялізарных уладаннях ён адкрывае новыя цэрквы, ці, як іх тады называлі, зборы, дзе збіраліся месцічы і шляхта слухаць пропаведзь Слова Божага. Віленскі ваявода не шкадаваў ні сілаў, ні сродкаў, каб распаўсюдзіць веру ў жывога Бога па ўсім Вялікім Княстве. Яго марай было зрабіць кальвінізм пануючым веравызнаннем у нашай краіне. Праз некалькі гадоў у прадмове да кнігі «Навучанне аб сапраўдным і фальшывым пакаянні», звернутай да Мікалая Чорнага, Лаўрын Дыскордыя пісаў: «Бо гэта яўна кожнаму, і ня толькі ў Княстве Літоўскім, што як толькі Госпад Бог у Сваёй міласэрнасці Сваё слова і праўдзівую навуку перад вачыма гэтага свету выявіў і аб'явіў, адразу Вашая княская міласць раней за іншых Слова Божае і сапраўдную хвалу Ягоную за справай Духа Святога ўзлюбіў і моцна ўхапіўся, і ня толькі сам, але як сапраўдны апостал або другі Карнэль, прывёў да гэтага многіх. Спачатку наймілейшую жонку, якая на пачатку не згаджалася і доўга працівілася з прычыны некаторых сваіх прыяцеляў, Вашая княская міласць чыстай сваёй пропаведзьдзю і праз напаміны іншых хрысціянскіх людзей прывёў да прыняцця Слова Божага разам з дзецьмі, слугамі і служанкамі, і падуладнымі сваімі. І цяпер кожны яўна бачыць і чуе, што практычна ўсе знакамітыя дамы ў Княстве Літоўскім, і ў Жамойці, і на Русі, гледзячы на прыклад і напаміны Вашай княскай міласці, часта слухаючы Слова Божае ад сваіх прапаведнікаў, прыйшлі і сёння надалей прыходзяць, паводле волі і міласэрнасці Божай, да пазнання Слова Ягонага».

Мікалай Чорны зь вялікім энтузыязмам  падтрымліваў кожную ініцыятыву рэформы  царквы ў Вялікім Княстве. Аднак  задача, якую паставіў сабе віленскі ваявода, не была простай, ня гледзячы на тое, што ён меў вялізарную ўладу і немалыя сродкі. Сутыкаючыся з рознымі праблемамі ў ажыцяўленні пераўтварэнняў, князь Мікалай вёў сталую перапіску з нямецкімі і швайцарскімі рэфарматарамі: Кальвінам, Булінгерам, Вольфам, Мэлянхтонам, і раіўся з імі ў шматлікіх практычных і багаслоўскіх пытаннях.

Мікалай Радзівіл ня быў адзіным, хто прагнуў  Рэфармацыі ў Вялікім Княстве. Літаральна праз месяц пасля Мікалая Чорнага  аб сваім навярненні абвясцілі Геранім Хадкевіч і Станіслаў Кішка. Не прайшло і году, як паслядоўнікамі Рэфармацыі сталі Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Вішнявецкія, Войны, Пацы, Зяновічы, Агінскія, Пронскія, Нарушэвічы, Шэметы і іншыя. Шляхта, як католікі, так і праваслаўныя, масава пераходзілі ў кальвінізм, а месцічы актыўна прымалі вучэнне Лютара.

Па-рознаму  адбываліся гэтыя навярненні. У князя  Паўла Друцкага-Сакалінскага, цівуна троцкага, жонка пачала хадзіць на кальвінскія набажэнствы. Князь  спачатку злаваўся, крычаў, што здрадзіла  веры, потым перастаў звяртаць увагу. Аднойчы, пад час банкету ў віцебскага судзьдзі гродзкага Ольбрыхта Вільчка, дом якога стаяў па суседзтву, нехта з гасцей выказаў геніяльную ідэю, што рабіць зь непакорнай жонкаю: узяць кій, і выгнаць яе ад тых кальвінаў, а зборышча іхняе разагнаць. Поўны праведнага гневу на крыўдзіцеляў праваслаўнай веры, князь Друцкі-Сакалінскі разам з узброенымі кіямі слугамі, пайшоў на другі канец Віцебску шукаць кальвінскі збор. Калі, аднак, увайшоў у хату, дзе ішло набажэнства, прапаведнік ня толькі не спужаўся загневанага князя, але, наадварот, прапанаваў яму сесці на лаўку і паслухаць пропаведзь. Пазней цівун троцкі ўзгадваў, што яго такі страх і пашана агарнулі, што нават калі б яму месца пад лаўкай паказалі, ён бы і там сеў без ніякага супраціву. Неўзабаве князь Павал пакаяўся, а праз некалькі гадоў віцебскі судзьдзя гродзкі зацвярджаў наданне на віцебскі кальвінскі збор: «Я, князь Павел Друцкій-Соколінскій, маршалок его королевской мілості, тівун і городнічый троцкій, мілуючы правдівое слово Божое у зборе светом евангеліцком проповеданое і для размноженія і розшыренія в нем верных Панскіх, ку вечной чэсті і фале Пана Бога Вшэхмогонцого і Сына Его едынаго Хрыста Пана і Духа Светого, ку збудованню збору светого власным коштом своім надал і на вечность од давного часу запісал пляц і огород свой, лежачый в Замку Ніжнем вітэбском».

У савецкай гістарычнай літаратуры пашырана меркаваньне, што галоўнай прычынай масавага прыняцця Рэфармацыі беларускімі магнатамі  і шляхтай было прагненне захапіць маёмасць каталіцкай ці праваслаўнай царквы і жаданне мець танную, невымагаючую царкву ў сваіх уладаннях. Аднак нават павярхоўнага позірку на сытуацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI стагодзьдзя дастаткова, каб абвергнуць такое цверджанне. Зямельныя ўладанні далёка ня самых заможных беларускіх магнатаў, такіх як Гарнастаі ці Тальвашы, нашмат перавышалі ўладанні каталіцкіх біскупстваў. Праваслаўная царква жыла пераважна за кошт дапамогі заможных апекуноў і практычна ня мела больш менш сур'ёзнай уласнасці. У той жа час будаўніцтва новых збораў, распаўсюджванне ідэяў Рэфармацыі, увогуле стварэнне новага вобразу царквы патрабавала немалых фінансавых выдаткаў. У дадатак рэфармаваныя цэрквы ад сваіх вернікаў патрабавалі без параўнання большай пасвячонасці, а самае галоўнае - сапраўднай, жывой веры. Калі ж звярнуцца да дакумантаў таго часу, то асабістая перапіска беларускай шляхты сведчыць аб тым, што асноўнымі прычынамі іх падтрымкі Рэфармацыі былі асабістая вера, народжаная слуханнем Слова Божага, і жаданне бачыць царкву, адпаведную вобразу царквы, апісанай у Бібліі.

У 1556 годзе  ўся Эўропа чытала адказ Мікалая  Радзівіла Чорнага на адкрыты  ліст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы  Алёіза Ліпамана. У студзені гэтага году нунцы ў сваім лісьце абвінаваціў  віленскага ваяводу ў спрыянні вераадступніцтву і скрытыкаваў ягоныя погляды, заклікаючы вярнуцца да каталіцкай царквы. Адказ Мікалая Чорнага, напісаны на лаціне і выданы ў Караляўцы ў кастрычніку таго самага году, стаў сваеасаблівай дэклярацыяй беларускай Рэфармацыі. Віленскі ваявода фактычна першым сярод рэфармацыйных дзеячоў Вялікага Княства сфармуляваў дактрыну эвангельскіх цэркваў у краіне.

Перш  за ўсё Мікалай Чорны абверг канцэпцыю  паўсюднасці ўлады папы рымскага: «Мы цалкам згодныя з тым, што  каралеўства Хрыстова мусіць быць, адпаведна са Сьвятым Пісьмом, пашырана па ўсёй зямлі, ад мора і да мора, ад усіх рэк і аж да ўскраю сьвету. Але гэтае каралеўства зусім не такое, як імпэрыя Кіра ці Аляксандра, ці Цэзара Аўгуста, якія славіліся сваімі незлічонымі багаццямі. Каралеўства Хрыстова - гэта духоўная еднасць людзей, дзе няма багаццяў. Сам Хрыстос гаварыў: «Каралеўства Маё ня ёсць падобным да гэтага свету»». Далей віленскі ваявода выказаў праграму сваіх дзеянняў дзеля рэформы царквы: «Закладаючы ў сваіх уладаннях і там, куды сягае мая ўлада, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртання сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскіх прыдумак і ідалапаклонства. Я скінуў з алтароў багоў, апраўленых у золата і срэбра, і замкнёных у скрынках, годных найвялікшай пагарды, якіх вы, як пагане, ушаноўвалі... Пры кожным, у духу праўдзівай веры арганізаваным зборы ёсць прапаведніцкая катэдра, з якой вернікам абвяшчаюцца не прыдумкі Скота, Эна, Пігіуса, Віцэліуса і да іх падобных, але сапраўднае Слова Божае... Нашыя прапаведнікі добра ведаюць праўдзівую навуку Хрыстовую і прапаведуюць не каноны і дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога... Кнігі, якія сам чытаю і іншым чытаць раю, не герэтычныя хаця б таму, што іх папскі пасол зганіў. Яны адкрываюць людзям праўдзівае Эвангельле. Некаторыя з тых кнігаў я сваім коштам друкаваў і друкаваць буду... Мы, прытрымліваючыся старых канонаў, апостальскіх прыказанняў і навукі іншых святых мужоў, хочам, каб духоўныя асобы не былі разлучаныя з жанчынамі, што і Святое Пісьмо раіць... Найсвяцейшая і найдастойнейшая святасць цела і крыві Госпада майго Ісуса Хрыста, якая ўстаноўленая Ім Самім і праз збаўленых людзей нам перададзеная, шанавалася ў царкве Хрыстовай з даўнейшых часоў. Яна і для нас свяцейшая за ўсе іншыя рэчы і няма ніякага ідалапаклонніцтва, калі спаўняецца праўдзіва і сваім парадкам. Госпадзе Божа, зрабі так, каб мы, адкінуўшы ўсе недарэчныя прыдумкі, звярнуліся ўрэшце да служэння, што было прынята апосталамі і існавала ў грэцкай царкве ў часы Залатавуснага і Васіля, а ў лацінскай - у часы Амброзія, Гераніма і Аўгустына». Асобна князь-рэфарматар спыніўся на пытанні мовы ў царкве: «Я так лічу, што ўсе людзі, узносячы хвалу, малітвы і падзякі Госпаду Богу за Яго дабрадзействы, павінны рабіць тое з чыстымі думкамі і шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта чыніць, абавязкова ведаў мову і спасцігаў сэнс сказанага. Калі ж набажэнства адбываецца на лаціне, ці на грэцкай, ці на якой іншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён і рады быў бы шчыра маліцца Госпаду Богу і хваліць Яго, прыкладаючы да гэтага свае сэрца і розум, але, на жаль, ня можа зразумець сэнсу сваіх словаў і сутнасці ўчынкаў. Менавіта з гэтае прычыны я так лічу: на якой мове кожны народ здольны спасцігаць таямніцы Слова Божага, на той мове трэба праводзіць святыя царкоўныя набажэнствы». Папскі пасол заявіў, што адной з рысаў прававернасці каталіцкай царквы ёсць факт, што яна аб'ядноўвае большасць хрысціянаў, дык сумніўна, што ў такім малым зборы, да якога належыць віленскі ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мікалай Чорны не абмінуў увагаю і гэты закід: «Ад пачаткаў свету праўдзівая вера, праз якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасці, уцісканая. Падобна дзеецца і сёння. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як святы... Я апякуюся добрымі і пачцівымі прапаведнікамі, якія надзвычай дасведчаныя ў сапраўднай навуцы і добрых звычаях і ведаюць праўдзівае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду і распавядаюць пра вечнага і несмяротнага Бога і Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзінага Сына Ісуса Хрыста, і перададзеную праз апосталаў».

Дзеля ўкаранення ідэяў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, Мікалай Радзівіл Чорны пачаў паўсюль арганізоўваць эвангельскія цэрквы. Следам за Берасцем і Вільняй кальвінскія зборы паўстаюць у Нясвіжы, Клецку, Іўі, Койданаве, Воршы. Іншыя магнаты дзейнічалі па прыкладзе віленскага ваяводы. Князі Пронскія заснавалі збор у Іказні, Кішкі - у Венгрове, Дарагастайскія - у Ашмянах, і так у мностве гарадоў і мястэчак па ўсей Беларусі. Найчасцей новыя зборы паўставалі ня коштам ужо існуючых касцёлаў ці праваслаўных цэркваў, але або будуючы свае храмы, або збіраючыся ў нейкіх грамадзкіх ці прыватных будынках, як, прыкладам, на замку ў Берасці ці ў палацы Радзівіла ў Вільні. Да працы ў новапаўсталых зборах запрашаліся пастары і прапаведнікі, ведамыя дзякуючы сваёй адукаванасці і аратарскім здольнасцям, часта з-за мяжы, бо ўласных служыцеляў не хапала. Дзейнасць пастароў не абмяжоўвалася толькі правядзеннем служэнняў і прапаведваннем на іх. Мікалай Чорны прагнуў, каб хрысціяне сталіся авангардам нацыі, таму вялікую ўвагу надаваў адукацыі. Дзякуючы яго намаганням пры кожным зборы былі адчынены пачатковыя школы, у якіх маладыя людзі вучыліся чытанню, пісьму, а таксама асновам хрысціянскай веры. Практычна ўся будучая эліта Вялікага Княства, тыя людзі, якія вызначалі жыццё краіны аж да пачатку XVII стагодздзя, вучыліся менавіта ў такіх школах. Кальвінскія школы, маючы прынцыпова іншую сыстэму навучання, давалі значна лепшую адукацыю, чым каталіцкія школы таго часу, і гэтым таксама спрыялі хуткаму распаўсюджванню Рэфармацыі. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным адначасова са зборам, у канцы XVI ст. прэтэндавала на ступень акадэміі, але з-за моцнага супрацьдзеяння каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы гэты праект не атрымалася рэалізаваць.

Адзін з галоўных дзеячоў рэфарматарскага руху ў Вялікім Княстве, князь Мікалай Радзівіл, выдатна разумеў неабходнасць кнігавыдавецкай дзейнасці для поспеху Рэфармацыі ў краіне. Ён бачыў, як менавіта дзякуючы друкаванаму слову ідэі Лютара і Кальвіна сталі вядомымі ўсёй Эўропе і сур'ёзна паўплывалі на жыццё народаў. Таму амаль адначасова са зборам на замку ў Берасці віленскі ваявода заклаў друкарню, у якой сваім коштам друкаваў разнастайную эвангельскую літаратуру: катэхізмы, спеўнікі, падручнікі, палемічныя творы, камэнтары да Бібліі. Урэшце ў 1563 годзе Мікалай Радзівіл Чорны ажыцявіў грандыёзны выдавецкі праект - пераклад і выданне Бібліі на польскай мове. Жывая размоўная мова жыхароў Вялікага Княства была ў сваёй лексіцы больш падобнай да польскай мовы, чым да царкоўнаславянскай, таму гэтае выданне было патрэбнае ня толькі хрысціянам Польскага Каралеўства, але магло быць выкарыстана і ў шматлікіх зборах у Вялікім Княстве. Віленскі ваявода запрасіў да сябе вядомых вучоных хрысціянаў, знаўцаў гебрайскай і грэцкай моваў, і даручыў зрабіць ім пераклад усёй Бібліі з моваў-арыгіналаў: Стары Запавет - з гебрайскай, а Новы Запавет - з грэцкай. Да канца 1562 году праца над рукапісам перакладу была скончана, і 4 верасня 1563 году з берасцейскай друкарні Радзівіла Чорнага выйшлі першыя асобнікі шыкоўна выданай Радзівілаўскай, або Берасцейскай, Бібліі з уласнай прадмовай князя-рэфарматара. На гэтае выданне Мікалай Чорны ахвяраваў вялізарную суму - 10 тысячаў

дукатаў - гадавы даход усіх сваіх уладаньняў.

Аднак віленскі ваявода ніколі не забываўся  і пра патрэбы сваёй краіны, і адначасова з Берасцейскай Бібліяй, у Нясвіжскай друкарні князя Радзівіла пабачылі святло два кальвінскія выданні на старабеларускай мове: «Катэхізіс» і «Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам», падрыхтаваныя Сымонам Будным. У звароце да князёў Радзівілаў у прадмове «Катэхізісу» мы чытаем: «Слушная бо речь ест, абы Вашы княжыцкіе мілості того народу язык міловаті рачылі, в котором давные предкі і іх княжецкіе мілості панов отцы Вашіх княжецкіх мілостей славне преднейшые положеньства несуть».

Мікалай Радзівіл Чорны і ягоныя аднадумцы  сярод палітычнай эліты Вялікага Княства дзейнічалі з вялікім  пасвячэннем і ахвярнасцю. Сваім  коштам яны закладалі эвангельскія цэрквы, будавалі зборы, дзе маглі  збірацца вернікі, запрашалі пастароў і прапаведнікаў для навучання праўдам веры, адчынялі школы, у якіх магла вучыцца моладзь з розных станаў грамадзтва, закладалі друкарні. Дзякуючы іх намаганням перакладаліся кнігі Святога Пісьма, пісаліся палемічныя і пазнавальныя кнігі, якія пашыралі ў грамадзтве ідэі Рэфармацыі, друкаваліся падручнікі для школаў і катэхізмы эвангельскай веры. Прыклад пачынальнікаў рэфармацыйнага руху натхняў іншых рээфарматараў, і Вялікае Княства Літоўскае літаральна на вачах станавілася эвангельскай краінай. На пачатку ХХ стагодзьдзя даследчык Рэфармацыі ў Беларусі В.Пліс

пісаў: «Трэба прызнаць бясспрэчным той  факт, што на пачатку 60-ых гадоў XVI стагодзьдзя кальвінскае вызнанне знаходзілася на ўзроўні пануючага веравызнання і пачынала моцна ўкараняцца тут». Даследванні іншых гісторыкаў адназначна падцвярджаюць гэтыя словы. Г.Мерчынг, аўтар спэцыяльнага даследвання аб колькасці эвангельскіх храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім, налічыў іх каля 200. Іншы даследчык, Букоўскі, называе яшчэ большую лічбу - 320, што выглядае больш праўдападобна, улічваючы сведчанні сучаснікаў тых падзеяў. Каталіцкі аўтар сярэдзіны XVII ст., езуіт В.Каяловіч, паведамляе, што калі перад Рэфармацыяй у Вялікім Княстве налічвалася каля 700 каталіцкіх парафіяў, то ў 1576 годзе ва ўсёй Жамойці, каталіцкім рэгіёне Княства, засталося ўсяго 6 каталіцкіх святароў, а ва ўсёй краіне католікі складалі толькі тысячную частку насельніцтва. На Берасцейскім саборы 1596 году католікі, дакараючы праваслаўных за спробы заключыць саюз з кальвіністамі, гаварылі, што толькі ў Наваградзкім ваяводзтве рэфарматары «спустошылі» 650 праваслаўных цэркваў. У гэтым жа ваяводзтве (сучасная Берасцейская вобласць, уключаючы Наваградак, Слонім, Нясвіж і Слуцак), якая складала асноўную частку епархіі праваслаўнага мітрапаліта, з 600 сем'яў праваслаўнай шляхты толькі 16 ці нават менш не прынялі вучэння Кальвіна. На вальным сойме 1563 году беларуская шляхта звярнулася да вялікага князя з просьбаю: «іж бы прысега шляхетского і посполітого человека не на образ малёваный ані рытый, яко первей была, але на імя Бога в Тройцы едного каждый подлуг веры свое закону хрыстіянского прысегал». У тым жа 1563 годзе магнаты і шляхта на чале з Мікалаем Чорным «одностайне білі чолом», каб быў адменены параграф Гарадзельскага прывілею 1413 году, які забараняў некатолікам займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Жыгімонт Аўгуст ня меў вялікага выбару і 6 чэрвеня 1563 году падпісаў у Вільні прывілей, згодна якому: «достоінства і преложеньства всякіе, і до рады нашое, і на уряды дворные і земскіе не только подданые костелу рымскому обіраны і прекладаны быті мають, але одінаково і заровно всі рыцерского стану з народу шляхетского, люді веры хрестіянское, яко Літва, так і Русь, каждый водле заслуг і годності своее, от нас, господаря, на месца зацные і преложеньства с ласкі нашое браны быті мають».

Информация о работе Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565гг.) – “бацька” Рэфармацыі ў ВКЛ